Інфармацыя пра здарэньне паступіла ў МНС раніцай 26 ліпеня. Паведамляецца, што ўсё адбылося «паблізу вуліцы Садовай». Яна знаходзіцца ў Вярхоўі (на беразе Заходняй Дзьвіны) — пасёлку, які ўваходзіць у склад Чыгуначнага раёну Віцебска, але аддзелены ад асноўнай часткі абласнога цэнтру тэрыторыяй Віцебскага раёну.
Паводле даных ведамства, разбураны «тэхнічны праезд памерам 4×70 мэтраў, з далейшым ссоўваньнем грунту ў раку Заходнюю Дзьвіну».
«На месцы здарэньня аператыўна сабраная камісія па НС пры Віцебскім гарвыканкаме, — гаворыцца ў паведамленьні. — Папярэдне ніхто не пацярпеў. Вывучаюцца абставіны здарэньня для прыняцьця мер рэагаваньня, скіраваных на гарантаваньне бясьпекі грамадзян. Месца інцыдэнту агароджанае. З насельніцтвам праведзеная тлумачальная праца для выкананьня захадаў бясьпекі паблізу ўчастка сходу грунту».
МНС таксама паведамляе, што цяпер спэцыялісты займаюцца «ўмацаваньнем зоны сыходжаньня грунту». На месцы працуе 17 адзінак тэхнікі і 37 чалавек, у тым ліку МНС — 2 і 7 адпаведна.
Апошнія тыдні ў Беларусі назіраюцца моцныя залевы. У Менску фіксуюцца рэгулярныя падтапленьні вуліц. Асабліва моцная бура адбылася 10 ліпеня ў Магілёве і яго навакольлях. Ад падзеньня дрэва загінула жанчына, былі паваленыя тысячы дрэваў.
Форум