Паліцыя разаслала жыхарам Вільні СМС-папярэджаньні, у якіх гаворыцца, што пры выяўленьні бесьпілётніка рэкамэндуецца трымацца ад яго далей і паведаміць на нумар тэрміновых службаў 112.
Delfi паведаміла, што ён быў заўважаны на вышыні 200 м, апошні раз яго бачылі побач з Вільняй.
Міністар абароны Літвы Давіле Шакалене заявіла, што «пакуль незразумела, які менавіта бесьпілётнік заляцеў у Літву, інфармацыя правяраецца».
«Паліцыя залучыла ўсе свае сілы, паінфармаваныя ўсе службы. Жыхароў просяць інфармаваць аб заўважаным аб’екце на нумары 112, ні ў якім разе не набліжацца да яго», — цытуе выданьне Delfi старшага дарадцу Нацыянальнага цэнтру кіраваньня крызісамі Даруса Бута.
Паводле Даруса Бута, які менавіта дрон заляцеў у Літву, высьвятляецца.
Кампанія па кіраваньні палётамі «Oro navigacija» запэўніла, што бесьпілётны лятальны апарат, які прыбыў у Літву зь Беларусі ў панядзелак раніцай, не парушыў палёты ў Літве, перадае Delfi.
«Палёты працягваюцца ў звычайным рэжыме», — паведаміла прадстаўнік кампаніі Інгрыда Даўгірдэ.
Падобны інцыдэнт адбыўся і 10 ліпеня. Тады Літва выказала Беларусі пратэст.
Інцыдэнт 10 ліпеня
Пасьля падобнага інцыдэнту 10 ліпеня Міністэрства замежных справаў Літвы ўручыла часоваму паверанаму ў справах Беларусі ноту пратэсту ў сувязі з залётам расейскага бесьпілётніка «Гербера» на тэрыторыю краіны.
У ноце выказваецца рашучы пратэст супраць незаконнага залёту расейскага бесьпілётніка зь Беларусі.
10 ліпеня ў Літву зь Беларусі заляцеў бесьпілётнік, падобны да самаробнага самалёта. Паводле памежнікаў, дрон ляцеў на вышыні 100 мэтраў з хуткасцю 50-60 км/г.
Тады паветраны апарат разьбіўся на тэрыторыі Літвы, прыкладна за кілямэтар ад дзяржаўнай мяжы.
Паводле кіраўніка МЗС Літвы Кястуціса Будрыса, за тое, што ў Літву залятаюць вайсковывя дроны, нясе адказнасьць Беларусь, якая гэта дапускае. Міністар назваў зьяўленьне «Герберы» ў Літве «сур’ёзным парушэньнем».
10 ліпеня пасьля парушэньня паветранай прасторы Літвы дронам «Гербера» зь Беларусі кіраўнікоў дзяржавы адвялі ў сховішча, аднак агульная трывога не абвяшчалася.