Другі энэргаблёк Беларускай атамнай станцыі (БелАЭС) уключылі ў сетку «пасьля завяршэньня тэхналягічных апэрацыяў для аднаўленьня працы сыстэмы ахаладжэньня генэратара», паведаміла прэс-служба Міністэрства энэргетыкі 28 ліпеня.
«У цяперашні час блёк працуе на намінальнай магутнасьці», — гаворыцца ў прэс-рэлізе ведамства.
16 ліпеня блёк быў адключаны ад сеткі ў выніку «рэагаваньня сыгналізацыі аб адхіленьні ў працы сыстэмы астуджэньня генэратара».
«Сытуацыя штатная і не нясе пагрозы бясьпечнай эксплюатацыі станцыі. Радыяцыйны фон на АЭС і ў зоне назіраньня не мяняўся. Электразабесьпячэньне спажыўцоў не парушалася», — паведамляла тады ведамства.
Адключэньне энэргаблёкаў на Беларускай АЭС адбываецца часта. У сьнежні 2024 году быў пэрыяд, калі абодва блёкі станцыі былі адключаныя. Другі энэргаблёк БелАЭС часова адключылі ад сеткі праз рэакцыю аднаго з сэнсараў, паведаміла 19 сьнежня прэс-служба Міністэрства энэргетыкі Беларусі. Першы энэргаблёк 3 сьнежня вывелі ў трэці плянава-папераджальны рамонт і ўключылі толькі ў канцы студзеня 2025 году.
- Будаўніцтва БелАЭС завяршылася восеньню 2023 году. Першы энэргаблёк станцыі сілкуе энэргасыстэму Беларусі з 3 лістапада 2020 году, другі — з 13 траўня 2023 году. У прамысловую эксплюатацыю іх увялі ў чэрвені 2021 і лістападзе 2023 году адпаведна.
- Першы энэргаблёк БелАЭС ужо прайшоў два плянава-папераджальныя рамонты. У 2022 годзе ён спыняўся для рамонту на 198 дзён, у 2023-м — на 68 дзён.
- Другі энэргаблёк Беларускай АЭС апошні раз спынялі на плянавы рамонт у ліпені 2024 году. Паведамлялася, што падчас работ правядуць дэталёвую дыягностыку ўсіх сыстэмаў, а таксама заменяць спажытае ядзернае паліва на сьвежае. 14 кастрычніка другі энэргаблёк БелАЭС уключылі ў сетку.
- Пры штатнай працы двух энэргаблёкаў БелАЭС забясьпечвае каля 40% патрэбаў Беларусі ў электраэнэргіі.