Такую статыстыку сабраў «Позірк» на падставе аналізу статыстыкі міністэрства ўнутраных спраў Грузіі.
У студзені — сакавіку 2025 году адмоўны адказ на свае заявы аб наданьні абароны атрымалі 13 просьбітаў зь Беларусі (у тым ліку двое ўзростам да 18 гадоў), у красавіку — чэрвені — 3 (1 непаўнагадовы).
Сёлета Грузія, якой кіруе партыя «Грузінская мара» прарасейскага алігарха Бідзіны Іванішвілі, не дала прытулак ніводнаму грамадзяніну Беларусі, піша агенцтва.
З 2019 года грузінскія ўлады адмовілі ў наданьні прытулку 72 заяўнікам, у тым ліку 36 мужчынам, 20 жанчынам і 16 непаўналетнім.
За гэты пэрыяд грамадзяне Беларусі падалі 86 заявак на атрыманьне прытулку ў Грузіі, у тым ліку 17 — ад імя непаўналетніх. У першым квартале 2025 года заяўкі не падаваліся, у другім было 5 заявак (1 — ад асобы малодшай за 18 гадоў).
Колькасьць беларускіх эмігрантаў, якія пражываюць у Грузіі, як сьведчыць праведзены «Позіркам» аналіз зьвестак Нацыянальнай службы статыстыкі Грузіі, у 2023-24 гадах зьменшылася на 1.127 чалавек. На 1 студзеня 2025 года ў Грузіі пражывала 12.808 імігрантаў новай хвалі зь беларускім грамадзянствам.
Дзякуючы адносна лібэральнаму рэжыму знаходжаньня (дазволена знаходзіцца ў краіне без візы 365 дзён, затым можна абнуліць тэрмін, выехаўшы на гэтак званы «візаран» на любую колькасьць часу) Грузія стала адной з краін, куды імігруюць беларусы, якія асьцерагаюцца рэпрэсій па палітычных матывах.
Аднак акрамя адмовы ў прытулку ў апошні час павялічылася верагоднасьць не быць дапушчаным у Грузію пасьля «візарана».
Паводле праваабаронцы зь Беларусі Рамана Кісьляка, якому таксама адмовілі ў прытулку ў Грузіі, становішча ўцекачоў зь Беларусі ў Грузіі паступова пагаршаецца.
«Ведаю, што больш за 80 чалавек просяць палітычнага прытулку і зь іх ужо больш як 60 адмоўлена. Пасьля леташніх парлямэнцкіх выбараў беларусам у прытулку адмаўляюць, прычым у паскораным парадку», — казаў раней Раман Кісьляк.
Раман Кісьляк падаваў заяву на палітычны прытулак, але ў пачатку ліпеня атрымаў адмову. Цягам месяцу беларускі праваабаронца мусіць пакінуць Грузію, цяпер ён спрабуе апэляваць да Камітэта па правах чалавека ААН.