Парлямэнт Малдовы прызначыў прэм’ер-міністрам лідэра правай апазыцыі Маю Санду

Мая Санду, 2 траўня 2019 году.

Рашэньне прынятае аднагалосна — за зацьвярджэньне ўраду прагаласаваў 61 дэпутат (усе, хто браў удзел у пасяджэньні), інфармуе агенцтва Інтэрфакс.

Адразу пасьля зацьвярджэньня ўраду прэзыдэнт Ігар Дадон прывёў да прысягі членаў новага кабінэта міністраў.

Пасяджэньне парлямэнта было склікана ў суботу насуперак прынятаму напярэдадні рашэньню Канстытуцыйнага суду, згодна зь якім парлямэнт ня можа працягваць працу, а прэзыдэнт абавязаны яго распусьціць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт Малдовы заявіў, што ня будзе плаціць Расеі за газ для Прыднястроўя

Маі Санду 47 гадоў. Яна закончыла Гарвардзкі інстытут дзяржаўнага кіраваньня імя Джона Ф. Кэнэдзі. Ад 2016 году кіруе правай партыяй «Дзеяньне і салідарнасьць». Міністар адукацыі Рэспублікі Малдова (2012-2015), кандыдат на пасаду прэзыдэнта Малдовы на выбарах 2016 году.