Крызыс у Малдове: Эўразьвяз прызнаў кааліцыю ў парлямэнце, які ўжо распусьцілі

Парлямэнт Малдовы

Эўрапейскі зьвяз на ўзроўні Эўрапейскай камісіі і Вярхоўнага прадстаўніка па зьнешняй палітыцы афіцыйна абвясьціў, што лічыць законным абраньне новага ўраду Малдовы.

Пра гэта гаворыцца ў заяве Камісара па добрасуседзтве Ёганэса Гана і Вярхоўнага прадстаўніка Эўразьвязу па замежных справах Фэдэрыкі Магерыні.

«Эўрапейскі зьвяз сур’ёзна прыняў да ўвагі рашэньні парлямэнту Рэспублікі Малдова напярэдадні (у суботу), уключаючы стварэньне ўрадавай кааліцыі», — сказалі Ган і Магерыні, стаўшы на бок новастворанай кааліцыі Сацыялістычнай партыі і блёку ACUM.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Канстытуцыйны суд Малдовы шосты раз адхіліў прэзыдэнта ад пасады

У суботу парлямэнцкая большасьць у Малдове ў складзе прарасейскай сацыялістычнай партыі і праэўрапейскага блёку ACUM абрала кіраўніцтва заканадаўчага органу і прызначыла ўрад на чале з праэўрапейскім прэм’ер-міністрам Маяй Санду. Канстытуцыйны суд абвясьціў гэтыя рашэньні незаконнымі, бо дэпутаты ня ўклаліся ў адведзены законам трохмесячны тэрмін. Усьлед за гэтым КС адхіліў прэзыдэнта Ігара Дадона ад пасады (бо ён парушыў Канстытуцыю, не распусьціўшы парлямэнт) і прызначыў часовым выканаўцам абавязкаў прэзыдэнта Паўла Філіпа, які падпісаў указ аб роспуску парлямэнту і прызначыў датэрміновыя выбары на 6 верасьня.

Абодва бакі канфлікту вінавацяць адзін аднаго ва ўзурпацыі ўлады.

На працягу некаторага часу заходнія партнэры пазьбягалі заяваў аб легітымнасьці ўраду Санду, заява прадстаўнікоў ЭЗ была першай.