Беларус загінуў на борце самалёта, які сёньня разьбіўся ў Расеі, — «Люстэрка»

Кадр зь відэа Сьледчага камітэту Расеі на месцы катастрофы самалёта 24 ліпеня 2025

Раніцай 24 ліпеня ў Амурскай вобласьці Расеі разьбіўся пасажырскі самалёт АН-24. На яго борце было 43 пасажыры і шэсьць чальцоў экіпажу. Ніхто зь іх ня выжыў.

Як стала вядома «Люстэрку», сярод пасажыраў быў і беларус Дзяніс Казенка. У яго засталася маленькая дачка.

У сьпісах расейскіх СМІ пазначана, што ён нарадзіўся 21 сакавіка 1995 году. Крыніца «Люстэрка» пацьвердзіла, што Дзяніс Казенка беларус. У яго закрытым акаўнце ў сацсетцы «УКантакце» значылася, што ён родам з Паставаў Віцебскай вобласьці.

Журналісты адшукалі профіль мужчыны ў Instagram. Там пазначана, што ён — супрацоўнік беларускай кампаніі «Інаватэк». Яна займаецца інавацыйнымі тэхналёгіямі ў сфэры лясной гаспадаркі. Дзяніс быў інжынэрам па мантажы комплексаў, у якіх вырошчваюць саджанцы для лясоў.

Як піша «Люстэрка», 24 ліпеня мужчына знаходзіўся ў Хабараўску ў камандзіроўцы, а жыў у Менску з жонкай і маленькай дачкой, якой ня так даўно споўнілася дзесяць месяцаў. Паводле інфармацыі выданьня, на борце быў і калега Дзяніса, які, верагодна, таксама грамадзянін Беларусі. Аднак гэтая інфармацыя пакуль што не пацьверджаная.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Амурскай вобласьці Расеі разьбіўся пасажырскі самалёт, на борце былі 49 чалавек