У Вільні невядомыя пабілі журналіста Malanka Media

Зьбіты журналіст.

Паводле ТГ-каналу выданьня, на журналіста напалі проста на вуліцы без папярэджаньня і бачнай прычыны. Паведамляецца, што здарэньне адбылося ў віленскім раёне Жырмуны.

Мікалай (імя зьмененае) вяртаўся з працы, калі да яго падышла група нецьвярозых людзей. Адзін зь іх, імаверна, палічыў, што хлопец здымае яго на тэлефон, калі той пераключаў музыку на прыладзе, і раптоўна ўдарыў журналіста. Нешта выкрыкваючы на літоўскай, ён нанёс беларусу мінімум тры ўдары кулаком па твары і схаваўся.

Хуткую выклікалі відавочцы, хлопец быў дастаўлены ў цэнтар сківічна-тваравай хірургіі. Мэдыкі дыягнаставалі ў пацярпелага ірваную рану ніжняй губы і расьсячэньне верхняй, траўму мяккіх тканін, пашкоджаньні дзясны і зубоў. Лекары наклалі яму каля дзесяці швоў.

Журналіст падаў заяву ў паліцыю. Выданьне сьцьвярджае, што па факце здарэньня будзе распачатае расьсьледаваньне па крымінальнай справе.

Раней падобныя інцыдэнты ня раз здараліся зь беларусамі ў Варшаве, Беластоку і іншых польскіх гарадах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Варшаве затрымалі мінака, які напаў на беларуску
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Кракаве забілі 29-гадовага беларуса. Нападнікаў ужо затрымалі

ХХХ