У Віцебску сем гаспадарчых пабудоў змыла ў Дзьвіну

Стоп-кадар «Позірку» зь відэа МНС.

Сем гаспадарчых пабудоў абрынуліся ў Віцебску праз падмыты грунт, паведаміла прэсавая служба Міністэрства па надзвычайных сытуацыях.

Інфармацыя пра здарэньне паступіла ў МНС раніцай 26 ліпеня. Паведамляецца, што ўсё адбылося «паблізу вуліцы Садовай». Яна знаходзіцца ў Вярхоўі (на беразе Заходняй Дзьвіны) — пасёлку, які ўваходзіць у склад Чыгуначнага раёну Віцебска, але аддзелены ад асноўнай часткі абласнога цэнтру тэрыторыяй Віцебскага раёну.

Паводле даных ведамства, разбураны «тэхнічны праезд памерам 4×70 мэтраў, з далейшым ссоўваньнем грунту ў раку Заходнюю Дзьвіну».

«На месцы здарэньня аператыўна сабраная камісія па НС пры Віцебскім гарвыканкаме, — гаворыцца ў паведамленьні. — Папярэдне ніхто не пацярпеў. Вывучаюцца абставіны здарэньня для прыняцьця мер рэагаваньня, скіраваных на гарантаваньне бясьпекі грамадзян. Месца інцыдэнту агароджанае. З насельніцтвам праведзеная тлумачальная праца для выкананьня захадаў бясьпекі паблізу ўчастка сходу грунту».

МНС таксама паведамляе, што цяпер спэцыялісты займаюцца «ўмацаваньнем зоны сыходжаньня грунту». На месцы працуе 17 адзінак тэхнікі і 37 чалавек, у тым ліку МНС — 2 і 7 адпаведна.

Апошнія тыдні ў Беларусі назіраюцца моцныя залевы. У Менску фіксуюцца рэгулярныя падтапленьні вуліц. Асабліва моцная бура адбылася 10 ліпеня ў Магілёве і яго навакольлях. Ад падзеньня дрэва загінула жанчына, былі паваленыя тысячы дрэваў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску падтапіла вуліцы праз залеву. Што прагназуюць сыноптыкі на выходныя



ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад шторму ў Магілёве загінула жанчына, 60 населеных пунктаў на Віцебшчыне і Магілёўшчыне засталіся без электрычнасьці