Падатковая рассылае лісты з пагрозамі за іх ігнараваньне ўладальнікам нерухомасьці

Ілюстрацыйнае фота.

Беларусам пачалі прыходзіць рахункі па маёмасных падатках за 2024 год. Першымі выставілі рахункі за нерухомасьць, а за зямлю і транспарт плацёжак пакуль няма. Тым часам падаткавікі распавялі, да якога чысла трэба заплаціць гэтыя зборы і што пагражае, калі гэта не зрабіць.

Як піша «Зеркало», у асабістых кабінэтах грамадзян на сайце Міністэрства па падатках і зборах сталі зьяўляцца плацёжкі па маёмасных зборах. Аднак рахункі выстаўленыя часткова — пакуль што толькі за нерухомасьць (калі меркаваць па сумах), а за зямлю і транспарт — не.

Як вядома, з 1 студзеня 2024 года адбыліся зьмены пры аплаце транспартнага збору, а таксама падатку на нерухомую маёмасьць і зямлю. Зьявіўся адзіны плацёж па іх — падаткавікі будуць выстаўляць агульную суму да аплаты, а не дасылаць тры розныя плацёжкі, як гэта было раней.

Апавяшчэньні на выплату маёмасных збораў павінны даслаць не пазьней за 1 кастрычніка — па пошце або праз асабісты кабінэт на сайце МПЗ (хто даваў на гэта згоду). Унесьці грошы пры гэтым трэба да 17 лістапада ўключна — з улікам таго, што 15 і 16 лістапада будуць выхаднымі днямі.

«Фізычныя асобы маюць права аплаціць падаткі часткамі і датэрмінова», — тлумачаць падаткавікі.

Пры гэтым тым, хто «забудзецца» ўнесьці гэтыя зборы, пагражаюць пакараньнем. У КаАП прапісана, што для тых, хто не заплаціў адзіны маёмасны плацёж, прадугледжаная адміністрацыйная адказнасьць — да 40% ад нявыплачанай сумы падатку, але ня менш за дзесяць базавых велічынь (на сёньня гэта 420 рублёў). «За паўторную наўмысную нявыплату на працягу аднаго году пасьля накладаньня адміністрацыйнага спагнаньня — да двухсот базавых велічынь (да 8400 рублёў)», — удакладнялі раней падаткавікі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады вырашылі браць падатак з тых, хто прадае прадукты са свайго агароду


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі абнавілі падатковыя формы і правілы для грамадзян