Нетаропкага і сьціплага чарнявага Эдварда, які толькі пачаў кар’еру прафэсійнага археоляга, мы называлі Эдам. А кожнага, хто трапляў у Майстроўню, адразу закручвала ў вір бесьперапыннага прыгодніцтва ды авантураў. Адну такую супольную з Эдам гісторыю я запомніў на ўсё жыцьцё.
Здарылася тое ў сярэдзіне 1980-х.
У тыя часы мы ўпершыню прачыталі аповесьць Вацлава Ластоўскага «Лябірынты». Гэта быў забароненыя твор і дабрацца да яго можна было толькі ў закрытых фондах бібліятэк ці пазычыць у кагосьці «з рук».
Распавядала аповесьць пра тое, што пад Беларусяй існуе вечнае падземнае жыцьцё. Як гэта ўладкавана — уся сыстэма забесьпячэньня жыцьцядзейнасьці — апісвалася ў дэталях. Але галоўнае месца займала міталёгія, дзе беларускі сьветапогляд займаў сваё належнае месца ў сьвеце — паміж індыйскіх, грэцкіх ды іншых здабыткаў цывілізацыі, якая падавалася як адно цэлае. Аповесьць і фантастычная, і філязофская, і дэтэктыўная, а галоўнае — магічная. Русыфікаваныя беларусы, прачытаўшы яе, ператвараліся ў беларусаў сапраўдных, якія ня толькі гавораць па-беларуску, але і пачынаюць адчуваць сваю повязь з далёкімі продкамі, з прыродай, са спрадвечнай беларускай культурай.
У тое падзямельле вечнага жыцьця, між іншым, ёсьць некалькі засакрэчаных уваходаў: у Полацку, у Скрыгалаве пад Мазыром і на востраве Богінскага возера на Браслаўшчыне. І вось аднойчы Эда паклікаў мяне ў Богіна — шукаць на востраве гэты самы ўваход у вечнае жыцьцё. Афіцыйна гэта называлася археалягічнай разьведкай.
Справа выглядала хуткай, і ахвяраваць на яе пару дзён было цалкам магчыма. У Богіне Эда знайшоў нейкае вясковае начальства і дамовіўся пазычыць човен. Сярод астравоў Богінскага возера патрэбная нам выспа была вызначаная паводле назвы — Гарадзішча.
Надвор’е было трывожнае, хмарнае, па возеры ішлі хвалі, а самой выспы не было відаць — яе зеляніна зьлівалася зь зелянінай супрацьлеглага берагу. Словам, мы паселі на вёслы і рушылі да вострава.
Вацлаў Ластоўскі ў гэтым падарожжы быццам суправаджаў нас, а старонкі ягонай аповесьці літаральна ажывалі ў нашым уяўленьні:
«Тут ізноў узяў слова Падземны чалавек:
— Я там ня ведаю, якое названьне насілі сьвятары дахрысьціянскіх часоў. А што яны займаліся астраноміяй — гэта пэўнае. Ваша, хіба ведаеш, — зьвярнуўся да мяне, — Богінскае возера? Цікавы закутак! Уся ваколіца поўна старога жыцьця. На возеры ёсьць паўвостраў Богіна, а таму Богіна, што там былі знамянітыя бажніцы. У канцы возера ідуць валатоўкі бронзавага веку, на пясчыстым урочышчы; гэта месца — жалю, смутку, па-нашаму — могілкі — носіць найменьне Жаль-Бор. На востраве, яшчэ да скасаваньня паншчыны, трымаўся высокі капец, у сярэдзіне каторага была старой веры бажніца з адзіным аконцам, празь якое прамень сонца ўсярэдзіну падаў толькі роўна ў поўдзень. Капец гэты ўзарвалі маскалі ў часе польскага паўстаньня, думаючы, што гэта нейкая крэпасьць. Там, у Богіне, ёсьць такжа падземныя хады, як і ў нас, пад Верхнім замкам, у сярэдзіне гары. Старая веда і старая культура не загінулі… Толькі дужа страшна ісьці там».
«Я сапраўды некалі быў на гэтым возеры, — успамінаў ужо ў 2003 годзе Эда ў маёй перадачы „Вострая Брама“ на Радыё Свабода, — таму што ў нейкай меры абапіраўся на зьвесткі зь „Лябірынтаў“. Ну і акрамя таго ў 1928 годзе выйшла такая праца Міхала Мялешкі „Камень у вераваньнях і паданьнях беларусаў“. Дык там згадвалася, што на высьпе Богінскага возера быў знойдзены каменны ідал з адбітай галавой і складзенымі на грудзях рукамі, які мясцовае насельніцтва называла стод. Дык вось я вырашыў адшукаць сьляды гэтага стода і таксама наконт старой веры бажніцы ўдакладніць. І ў 1986 годзе ў час правядзеньня археалягічных разьведак мы спэцыяльна паехалі на возера Богінскае».
«Выявілася, што на гэтым востраве сапраўды існуе гарадзішча, — працягваў свой успамін Эда. — Там нават у час шурфоўкі я знайшоў кераміку жалезнага веку. Наконт таго каменнага стода, вядома, ніхто ўжо зь цяперашняга насельніцтва ня памятаў, таму што ад 1928 году мінула ўжо занадта шмат часу. Але цалкам верагодна, што на тым востраве, дзе гарадзішча, знайшлі яго. Магчыма там сапраўды існавала нейкая бажніца, але раз Ластоўскі піша, што яна была ўзарваная ў часе падаўленьня паўстаньня, цалкам верагодна, што так і адбылося».
Дарога да выспы сярод пагрозьлівых хваляў заняла штосьці каля гадзіны. Ужо на востраве мы агледзелі зарослы лесам і кустоўем ніз і пачалі ўзыход на гару, таксама моцна лясістую і даволі крутую, якая ўласна і займала большую частку вострава. Хваляваньне апаноўвала нас. Уяўленьне малявала вялікі каменны стод са скрыжаванымі на грудзях рукамі, які мусіў затуляць уваход у вечную Беларусь.
Прадзіраючыся праз зарасьці, мы ўзышлі на вяршыню і ўбачылі вялізарны — мэтры паўтара ў даўжыню камень. Ён ляжаў пляскатым бокам дагары, а тая частка, што сыходзіла ў зямлю, была відавочна апрацаваная і абрысамі нагадвала стодаў зь вядомай Велікоднай выспы. То бок быццам высечаны ў камені твар быў павернуты ў зямлю.
«— Гэта дзьверы, — сказаў Падземны чалавек і, засунуўшы ў шчалугу між камянёў загнуты жалезны прут, з высілкам павярнуў яго. Нешта глуха храснула, і пліта адной стараной пачала апускацца ўніз. Адкрыліся вітыя мураваныя сходы, якімі мы пры слабым сьвятле сьляпой ліхтарні пачалі сыходзіць уніз. Калі нашыя галовы зраўняліся з канцом павісшай пліты, то пліта сама сабой паднялася ўверхі, зашчоўкнулася пры помачы прыладжанага да яе мэханізму».
Валун рабіў моцнае ўражаньне і ўжо здавалася, што мы быццам патрапілі ў працяг аповесьці Ластоўскага.
Аднак крануць цяжкую камлыгу зь месца мы не маглі, заставалася толькі падкапацца. І мы пачалі абкопваць камень.
Маё ўяўленьне з кожным рухам разыгрывалася ўсё мацней. Эда, напэўна, перажываў падобныя пачуцьці. Тым ня менш, мы капалі даволі доўга. Пакуль не пачалася моцная залева, якая ператварыла нас у заплёсканых глінай далакопаў. Залева хутка гусьцела, а ўрэшце і прагнала нас з вострава.
Мяне дзівіла рэакцыя Эды. Ён — чалавек вельмі стрыманы, які не асабліва выяўляе свае эмоцыі. Але тут, калі нас было ўсяго двое, безь ніякіх іншых сьведак, ён раскрыўся напоўніцу. Яго сапраўды моцна хвалявала тая Богінская таямніца…
І вось цяпер рамантык Эда адправіўся ў вечную Беларусь, прынамсі ў сваім уласным уяўленьні, якое ён атрымаў ад Ластоўскага і паводле якога яна не на небе, а пад зямлёй, дзе таемны ўваход у яе закрывае стод на востраве Богінскага возера.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.