Хроніка перасьледу 28 ліпеня: у Берасьці затрымалі дызайнэра, у Менску асудзілі намесьніцу дырэктара гімназіі

Менскі гарадзкі суд, архіўнае фота

Свабода вядзе храналёгію судоў, затрыманьняў, іншага перасьледу з палітычных матываў у Беларусі.

Палітвязьня з інваліднасьцю асудзілі на 4 гады калёніі

У судзе Маладачанскага раёну на мінулым тыдні вынесьлі прысуд 53-гадоваму Ігару Сідаровічу, якога раней ужо двойчы судзілі паводле палітычных крымінальных артыкулаў. Гэтым разам яго прызналі вінаватым паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 («садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці»). Суд прызначыў палітвязьню чатыры гады пазбаўленьня волі і штраф 42 000 рублёў, паведамляе «Вясна».

Вясной 2021-га яго двойчы асудзілі ў крымінальных справах: спачатку за ўдзел у пратэстах — тады абмежаваліся штрафам, а пазьней за «абразу» начальніка Маладачанскага РАУС Вадзіма Прыгары і прызначылі паўтара года «хатняй хіміі».

У канцы 2024 году Сідаровіча зноў зьмясцілі пад варту — за «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці» (арт. 361-4 КК). Палітвязьня трымалі ў СІЗА, нягледзячы на інваліднасьць — у яго няма адной нагі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 24 ліпеня: ІТ-спэцыяліста асудзілі паводле чатырох палітычных артыкулаў; масавыя суды ў Койданаве

Менскую лекарку асудзілі паводле трох артыкулаў

У Менскім гарадзкім судзе асудзілі пульманалягіню Алену Рудую, піша «Наша Ніва».

Лекарцы інкрымінавалі тры палітычныя артыкулы: ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэксу («заклікі да прычыненьня шкоды нацыянальнай бясьпецы Беларусі»), ч. 3 арт. 361-1 КК («уваходжаньне ў склад экстрэмісцкага фармаваньня»), ч. 1 арт. 368 КК («абраза Лукашэнкі»).

Мінімальнае пакараньне, якое пагражала Рудой, — 4 гады калёніі, дакладны вырак невядомы.

Алена Рудая нарадзілася ў 1969 годзе, скончыла Беларускі дзяржаўны мэдычны ўнівэрсытэт (1992). Працавала ў 10-м шпіталі Менску (1992–2022), загадвала аддзяленьнем.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 25 ліпеня: 70-гадовую гамяльчанку асудзілі за камэнтары ў сеціве

«Беларускую Акадэмію» прызналі «экстрэмісцкай»

Улады Беларусі прызналі «экстрэмісцкім фармаваньнем» праект «Беларуская Акадэмія», паведамляе «Вясна».

Такое рашэньне ўхваліў 22 ліпеня КДБ Беларусі. Паводле ведамства, дачыненьне да ініцыятывы мае Сьвятлана Сільверстава.

У Берасьці затрымалі дызайнэра Дзьмітрыя Царука

Пасьля трох сутак у ізалятары часовага ўтрыманьня яго перавялі ў берасьцейскае СІЗА № 7, паведаміла «Вясна».

Паводле непацьверджанай інфармацыі, яго вінавацяць у «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці» (арт. 361-4 КК).

Дзьмітры Царук працаваў у сфэры дызайну, PR, мэдыяў і сацыяльных праектаў. Быў сярод стваральнікаў брэнду «Fajno».

Намесьніцу дырэктара менскай гімназіі асудзілі на 2 гады калёніі

62-гадовую Марыну Петражыцкую, былую намесьніцу дырэктара па выхаваўчай працы гімназіі № 34 ў Менску, асудзілі на два гады пазбаўленьня волі за ўдзел у «экстрэмісцкім фармаваньні», паведаміла «Наша Ніва».

У ліпені 2021 году Петражыцкую затрымалі, правялі ператрус, дапыталі ў КДБ, а затым прызначылі 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Калі яна страціла працу, дакладна невядома.

Жанчыну арыштавалі ў кастрычніку 2024-га. Паводле інфармацыі Belarus Women Foundation, нядаўна яе асудзілі на два гады калёніі.

Вядомага сьветлагорскага прадпрымальніка асудзілі за «паклёп на Лукашэнку»

62-гадовага прадпрымальніка і грамадзкага дзеяча зь Сьветлагорску Анатоля Зьмітровіча асудзілі за «паклёп» у дачыненьні Лукашэнкі паводле ч. 1 арт. 367 Крымінальнага кодэксу. Яму прызначылі 10 месяцаў пазбаўленьня волі з утрыманьнем у калёніі агульнага рэжыму, піша «Гомельская Вясна». Сутнасьць абвінавачваньня невядомая.

Анатоля затрымалі ў красавіку. Да суду яго ўтрымлівалі ў гомельскім СІЗА № 3.

Да затрыманьня Зьмітровіч быў індывідуальным прадпрымальнікам і актыўным удзельнікам прадпрымальніцкага руху ў горадзе. Ён вядомы таксама як экалягічны актывіст у пэрыяд будаўніцтва і запуску Сьветлагорскага заводу беленай цэлюлёзы, калі адбываліся шматлікія выкіды шкодных рэчываў у атмасфэру. Апошнім часам працаваў у адным з прадпрыемстваў у галіне аўтаабслугоўваньня.

У сувязі з падзеямі 2020 году Анатоль Зьмітровіч далучаўся да пратэстных акцыяў у Сьветлагорску, яго зьнявольвалі на некалькі тыдняў, а таксама штрафавалі за нібыта парушэньне парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў.

Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі

Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.

Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.

Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.

Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.

На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.

Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».

Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».