Белстат паведаміў пра мінімальны эканамічны рост у першым паўгодзьдзі. Найгорш у аграрным сэктары

Камбайн на палетку. Архіўнае фота

Нацыянальны статыстычны камітэт апублікаваў вынікі разьвіцьця эканомікі за першае паўгодзьдзе, тэмпы росту ў апрацоўчай прамысловасьці мінімальныя.

Белстат апублікаваў эканамічныя вынікі за студзень–чэрвень 2025 году.

Прырост валавога ўнутранага прадукту (ВУП) склаў 2,1% у параўнаньні зь першым паўгодзьдзем леташняга году. Тэмпы росту пачалі зьніжацца яшчэ летам мінулага году, калі ў ліпені 2024 году прырост год да году складаў 5,5%.

Толькі галіна будаўніцтва паказала эканамічны рост, тут прырост склаў 10%. Астатнія галіны эканомікі альбо не растуць, альбо растуць мінімальна, альбо ўвогуле іхныя паказьнікі ўпалі.

Так, вытворчасьць у сельскай гаспадарцы ўпала на 2,6% у параўнаньні зь мінулым паўгодзьдзем. Эканамісты тлумачаць гэта зрухам тэрмінаў жніва: сельская гаспадарка павінна даць лепшы вынік у ліпені, калі жніво ўжо стартавала.

Але апрацоўчая прамысловасьць, якая дае агулам 21% усяго ВУП Беларусі, вырасла толькі на 0,1%. Гуртовы і раздробны гандаль вырас на 0,6%, што сьведчыць аб запаволеньні попыту і страце тэмпаў эканамічнага росту.

Як паведамляў Белстат, прырост у апрацоўчай прамысловасьці у выніку 2024 году складаў 5,5%.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: BEROC: Рост ВУП Беларусі замарудзіўся ў тым ліку праз спад попыту на расейскім рынку
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь зноў папрасіла грошай у Расеі, гаворка ня толькі пра інвэстыцыйныя праекты