У Беларусі працягваюцца затрыманьні па крымінальнай справе за перадачу інфармацыі праекту «Беларускі Гаюн», паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».
Паводле зьвестак праваабаронцаў, пад варту ўзятыя ня менш за 33 чалавекі, прайшло ня менш за шэсьць судовых працэсаў.
Сярод затрыманых фігурантаў большасьць — мужчыны, справы распачатыя паводле арт. 3614 Крымінальнага кодэксу (садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці).
Праект «Беларускі Гаюн» быў заснаваны пасьля поўнамаштабнага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну ў 2022 годзе, займаўся маніторынгам вайсковай актыўнасьці ў Беларусі. Спыніў працу 7 лютага 2025 году, неўзабаве пасьля таго, як невядомыя атрымалі доступ да чат-бота, дзе «зьбіралася інфармацыя ад людзей».
«Мы ня ведаем, які аб’ём даных мог быць выгружаны за той час, пакуль у староньняга акаўнта быў доступ. Я хачу адразу сказаць, што ў гэтай сытуацыі спрацавала чалавечая памылка, і гэтая памылка была маёй», — паведаміў заснавальнік праекта блогер Антон Матолька.
Ён папярэдзіў пра пагрозу для людзей, якія дасылалі ў бот інфармацыю. Некаторым зь іх удалося эміграваць.
Аб масавых затрыманьнях па справе «Беларускага Гаюна» паведамлялася 2 траўня.
У чэрвені Горадзенскі абласны суд завочна прыгаварыў Матольку да 20 гадоў пазбаўленьня волі за «шэраг наўмысных злачынстваў экстрэмісцкай накіраванасьці».
20 ліпеня кіраўнік фонду салідарнасьці BySol Андрэй Стрыжак (цяпер часова адхілены ад пасады) паведамляў, што ў траўні 2025 году ў берасьцейскім сьледчым ізалятары знаходзілася каля 50 чалавек, абвінавачаных па справе «Беларускага Гаюна».
Праваабаронцы падкрэсьліваюць, што агульная колькасьць затрыманых па справе значна большая, чым ім вядома.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцам вядома пра 6 судоў і больш за 50 затрыманых у справе «Беларускага гаюна»