Напярэдадні акцыі офіс Ціханоўскай заявіў, што падтрымка Ўкраіны беларусамі застаецца нязьменнай нават праз 1250 дзён пасьля пачатку вайны, і што «нашая салідарнасьць не аслабла».
Выступаючы на мітынгу, Ціханоўская заклікала зрабіць усё магчымае, каб Украіна перамагла ў вайне, якую «разьвязала імпэрская Расея»:
«Кожны дзень і кожная ноч — гэта новы барбарскі ўдар па мірным насельніцтве, па цывільнай інфраструктуры. Гэта новыя ахвяры. Скалечаныя жыцьці. Разьдзеленыя сем’і. Сёньня Ўкраіна і ўкраінцы змагаюцца ня толькі за сябе — яны змагаюцца за ўсіх нас, за мірную Эўропу, за ўвесь цывілізаваны сьвет. І нашая з вамі задача — зрабіць усё, каб Украіна не проста выстаяла, а перамагла!»
Гаворачы пра дыктатараў і мову сілы, якую яны выкарыстоўваюць, дэмакратычная лідэрка сказала:
«Давайце не спадзявацца на літасьць дыктатараў. Ні Пуціну, ні Лукашэнку не патрэбны мір — яны хочуць вайны. Гэта тое, што ўмацоўвае іх рэжымы, апраўдвае рэпрэсіі. Дыктатары разумеюць толькі мову сілы. І мы павінны гэтую сілу дэманстраваць. Мы павінны дэманстраваць рашучасьць, салідарнасьць і адзінства».
Ну думку Ціханоўскай у Літвы, Украіны і Беларусі супольны вораг і супольная будучыня:
«У нас супольны вораг — імпэрская Расія, і мы павінны гэтаму ворагу супрацьстаяць. Разам. Рэжыму не ўдасца нас разьяднаць і пасварыць. У нас доўгая супольная гісторыя барацьбы за свабоду. А самае важнае — у нашых народаў супольная будучыня. У свабоднай і мірнай дэмакратычнай Эўропе. Мы да гэтай будучыні ідзём, і за яе змагаемся».
Таксама на мітынгу выступіў і Сяргей Ціханоўскі.