Эйсмант анансавала яшчэ адну сустрэчу Лукашэнкі і Пуціна

Лукашэнка і Пуцін, 9 траўня 2025 году, Масква.

Пра плянаваную сустрэчу кіраўнікоў Беларусі і Расеі ў інтэрвію расейскаму інфармацыйнаму агенцтву ТАСС заявіла прэсавая сакратарка кіраўніка Беларусі Натальля Эйсмант.

Паводле Эйсмант, Лукашэнка плянуе сустрэцца з Пуціным у найбліжэйшы час. Таксама прэсавая сакратарка сказала, што яе бос хоча абмеркаваць «найважнейшыя пытаньні» сам-насам з Пуціным.

«У прэзыдэнтаў Беларусі і Расеі, безумоўна, заўсёды ёсьць што абмеркаваць. Так бы мовіць, пул тэмаў — як па двухбаковых адносінах, так і па міжнародным парадку дня», — сказала Эйсмант.

Паводле яе слоў, Лукашэнка і Пуцін не абмяркоўвалі праграмныя пытаньні ў тэлефоннай размове 27 ліпеня.

«Ёсьць тэмы, якія ўвогуле па тэлефоне лепш не абмяркоўваць. Прэзыдэнты дамовяцца ў найбліжэйшы час аб сустрэчы і ўсе найважнейшыя і сур’ёзныя пытаньні абмяркуюць сам-насам», — сказала Эйсмант.

Апошні раз кіраўнікі Беларусі і Расеі сустракаліся ў канцы чэрвеня ў Менску на Эўразійскім эканамічным форуме.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чым Пуцін і Лукашэнка адкажуць на ціск Трампа?