Пасьля вымушанага перапынку аддзел праўнай дапамогі Цэнтру беларускай салідарнасьці (ЦБС) неўзабаве адновіць працу. Гэтую навіну 29 ліпеня ў інтэрвію Радыё Рацыя паведаміла яго кіраўніца Вольга Дабравольская:
«Акурат сёньня мы даведаліся, што ў нас будзе магчымасьць аднавіць працу — спачатку, можа, часткова, але ўжо ўпэўнена магу сказаць, што аддзел праўнай дапамогі ЦБС паволі будзе аднаўляць працу. І старт наш ужо заплянаваны на жнівень, то бок празь некалькі дзён мы пачнем прымаць новыя заяўкі».
У сярэдзіне траўня Аддзел праўнай дапамогі ЦБС прыпыніў працу празь недахоп фінансаваньня. Цяпер ён у першую чаргу працягне дапамогу беларускім мігрантам у Польшчы, а ў жніўні вернецца да індывідуальнае дапамогі перадусім былым палітвязьням і актывістам у цяжкай жыцьцёвай сытуацыі.
Цэнтар беларускай салідарнасьці з 2020 году дапамог многім беларусам аформіць дакумэнты, заняцца пошукам працы ў новай краіне, вёў ліставаньне з афіцыйнымі органамі ўлады Польшчы аб важных пытаньнях легалізацыі беларусаў, афармленьня дазволаў на жыхарства, пасьведчаньняў уцякацтва, польскага праязнога дакумэнту, фінансавай справаздачнасьці і іншых дакумэнтаў.
Таксама ЦБС арганізоўваў, у прыватнасьці, бясплатную падрыхтоўку дзяцей беларусаў да школьных іспытаў, зьбіраў грошы на беларускую школку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Польшчы для дзяцей беларусаў арганізавалі бясплатную падрыхтоўку да школьных іспытаў