Трамп заявіў, што ўцекачы з Украіны могуць заставацца ў ЗША да канца вайны

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп

Раней было заяўлена, што новая адміністрацыя ЗША разглядае пытаньне, ці скасоўваць легальны статус 240 тысяч імігрантаў з Украіны.

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што ўцекачы, якія пакінулі Ўкраіну праз вайну і прыехалі ў Злучаныя Штаты, імаверна, змогуць заставацца ў ЗША да яе заканчэньня.

«Я думаю, што так. У нас шмат людзей, якія прыехалі з Украіны. Мы працуем зь імі», — сказаў Трамп журналістам у Вашынгтоне, адказваючы на пытаньне карэспандэнта DW, які пазьней падзяліўся гэтым відэа ў сацыяльнай сетцы X.

У лютым 2025 году ЗША прыпынілі апрацоўку іміграцыйных заявак, пададзеных у рамках шэрагу праграмаў, у тым ліку «Адзінства для Ўкраіны» (U4U). Міністэрства ўнутранай бясьпекі ЗША растлумачыла гэта неабходнасьцю дадатковых праверак для перадухіленьня махлярства і пагрозаў нацыянальнай бясьпецы.

У сакавіку сёлета прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што неўзабаве вырашыць, ці скасоўваць часовы легальны статус прыблізна 240 тысяч імігрантаў з Украіны.

«Мы ня хочам нікога пакрыўдзіць, мы, безумоўна, ня хочам ім нашкодзіць, і я разглядаю гэтае пытаньне. Былі людзі, якія лічылі гэта дарэчным, а некаторыя — не. І я прыму рашэньне даволі хутка», — сказаў прэзыдэнт ЗША журналістам у Авальным кабінэце, калі яго спыталі пра статус украінскіх мігрантаў, паведамляла агенцтва Reuters.

У траўні газэта The Washington Post паведаміла, што адміністрацыя Дональда Трампа, імаверна, плянуе стымуляваць уцекачоў з розных краін добраахвотна вяртацца на радзіму. У сьпіс такіх мігрантаў уваходзілі і ўкраінцы, якія знайшлі прытулак у Злучаных Штатах пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі. Прэс-сакратарка Міністэрства ўнутранай бясьпекі ЗША тады пацьвердзіла сапраўднасьць дакумэнтаў, але падкрэсьліла, што канчатковае рашэньне яшчэ не было ўхваленае.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Пэнтагоне заявілі, што на загад Трампа накіроўваюць дадатковыя ўзбраеньні Ўкраіне