Пра плянаваную сустрэчу кіраўнікоў Беларусі і Расеі ў інтэрвію расейскаму інфармацыйнаму агенцтву ТАСС заявіла прэсавая сакратарка кіраўніка Беларусі Натальля Эйсмант.
Паводле Эйсмант, Лукашэнка плянуе сустрэцца з Пуціным у найбліжэйшы час. Таксама прэсавая сакратарка сказала, што яе бос хоча абмеркаваць «найважнейшыя пытаньні» сам-насам з Пуціным.
«У прэзыдэнтаў Беларусі і Расеі, безумоўна, заўсёды ёсьць што абмеркаваць. Так бы мовіць, пул тэмаў — як па двухбаковых адносінах, так і па міжнародным парадку дня», — сказала Эйсмант.
Паводле яе слоў, Лукашэнка і Пуцін не абмяркоўвалі праграмныя пытаньні ў тэлефоннай размове 27 ліпеня.
«Ёсьць тэмы, якія ўвогуле па тэлефоне лепш не абмяркоўваць. Прэзыдэнты дамовяцца ў найбліжэйшы час аб сустрэчы і ўсе найважнейшыя і сур’ёзныя пытаньні абмяркуюць сам-насам», — сказала Эйсмант.
Апошні раз кіраўнікі Беларусі і Расеі сустракаліся ў канцы чэрвеня ў Менску на Эўразійскім эканамічным форуме.
Форум