У рэчаіснасьці карэнныя народы сутыкаюцца зь ціскам за этнічны актывізм, у школах з 2017 году скасавалі абавязковае выкладаньне нацыянальных моваў. А ў час вайны ва Ўкраіне менавіта прадстаўнікі карэнных народаў нясуць найбольшыя страты праз мабілізацыю.
«Настоящее время» апублікавала гісторыі чытачоў зь ліку карэнных народаў Расеі, ураджэнцаў Якуціі і Бураціі. Яны расказваюць пра ксэнафобію і пачуцьцё «другараднасьці», а таксама пра тое, чаму рыторыка нянавісьці гучыць ня толькі ад уладаў, але і з боку часткі расейскай апазыцыі.
«Мы такія ж людзі, а да нас ставяцца як да жывёлаў»
Аляксандар вырас ва Ўлан-Удэ, сталіцы Бураціі. З раньняга дзяцінства ён зразумеў, як быць нерасейцам у Расеі.
«Было заўсёды бачна, што расейцы ставяцца да буратаў з грэблівасьцю, як быццам мы ім нешта вінныя», — успамінае ён.
У дзяцінстве Аляксандар сябраваў з расейскім хлопчыкам, і яны часта разам гулялі ў двары. Але аднойчы бацька гэтага хлопчыка сказаў: «Што ты з гэтым буратам маеш зносіны?», ужыўшы ненарматыўную лексыку. Фраза глыбока ўрэзалася ў памяць Аляксандра — яму да гэтага часу балюча яе ўспамінаць. Ягоная маці на такія выпадкі ніяк не рэагавала. Паводле Аляксандра, яна чалавек «савецкай загартоўкі» і лічыла, што трэба цярпець такое стаўленьне.
«Я не такі. Я хачу менавіта расказваць пра гэта. Хачу, каб людзі ведалі: у Расеі быў і ёсьць расізм. Мае землякі кажуць: ня трэба разьдзімаць. А я хачу, каб людзі ведалі. Мне крыўдна. Мы такія ж людзі, а да нас ставяцца як да жывёлаў».
Пасьля школы Аляксандар паступіў ва Ўсходне-Сыбірскі дзяржаўны інстытут культуры. Дэкан там быў расейцам, і, па словах Аляксандра, не хаваў пагарды да буратаў: «Ён часта казаў: мы, расейцы, вам пабудавалі гарады, далі адукацыю. Да нас вы ў юртах жылі».
Пазьней Аляксандар пачаў яшчэ часьцей сутыкацца з ксэнафобіяй. Нават у роднай Бураціі ня рэдкасьць — аб’явы накшталт «здаю кватэру толькі славянам» ці «вазьму на працу славянаў».
Па заканчэньні ВНУ Аляксандар паехаў у Маскву. Спачатку працаваў у Burger King. «Наведвальнікі спрабавалі са мной пастаянна груба размаўляць. Абзывалі». Потым ён уладкаваўся ў «Ашан», дзе старшая касірка стала крычала на супрацоўнікаў неславянскага выгляду.
У маскоўскім мэтро яго рэгулярна спынялі для праверкі дакумэнтаў: «Аднойчы я спытаў: чаму менавіта мяне спыняюць? Паліцыянт мне сапраўды сказаў: „Бо ў цябе азіяцкі твар“».
З грэбаваньнем Аляксандар сутыкаўся нават у прадуктовых крамах. Аднойчы, калі ён палаяўся з касірам, хтосьці з чаргі выгукнуў: «Панаехалі!» Аляксандар адказаў, што ў яго расейскі пашпарт. На што яму сказалі: «Ты яго купіў, мусіць».
«Гэта было жыцьцё ў пастаяннай напрузе, — дзеліцца Аляксандар. — Мне ўвесь час паказвалі, што я горшы, чым яны, што я другі гатунак. З-за гэтага я ненавіджу гэтую краіну, лічу, што яна акупавала маю Бурацію. Мы добра б жылі без Расеі».
У 2020 годзе Аляксандар вярнуўся ва Ўлан-Удэ — ня вытрымаў жыцьця ў сталіцы. Ён ведаў пра забойствы азіятаў скінгэдамі ў пачатку 2000-х, але не чакаў, што бытавая агрэсія будзе такой паўсюднай.
Адным з гучных працэсаў тых гадоў стала справа групоўкі «Белыя ваўкі». У 2010 годзе Масгарсуд прыгаварыў дзевяцёх яе ўдзельнікаў да тэрмінаў да 23 гадоў. Сьледчыя выявілі, што «Белыя ваўкі» выбіралі ахвяр паводле вонкавага выгляду — тых, хто «меў прыкметы прадстаўнікоў азіяцкай народнасьці».
«Нават мае сябры ў Маскве, хоць ня ведаю, ці можна іх назваць сябрамі, маглі дазволіць сабе расісцкія камэнтары, — працягвае Аляксандар, — У мяне быў знаёмы, які заўсёды дрэнна адгукаўся пра людзей з Цэнтральнай Азіі, абражаў іх. Вонкава мяне цяжка адрозьніць ад кіргіза ці казаха. Іншы мой знаёмы пры мне рабіў „азіяцкія вочы“ рукамі».
Пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне Аляксандар зьехаў з Расеі і зараз жыве ў Эўропе. Ён кажа, што тут ён нарэшце змог крыху выдыхнуць.
«У цябе паступова зьнікае адчуваньне, што ты частка грамадзтва»
Іншы чытач «Настоящего времени» Аял Сан (Сільвэрсан) — поп-вакаліст, былы саліст тэатру эстрады, паэт-песеньнік і небінарная пэрсона зь Якуціі. Аял мае якуцкія і карэйскія карані, з-за чаго часта сутыкаўся з дыскрымінацыяй нават у родным рэгіёне.
«Ксэнафобія, на мой погляд, у Расеі існуе здавён. Цяпер проста гэта стала больш бачным. Раней пра гэта максымум маглі расказаць нейкія невялікія рэгіянальныя СМІ. Адна з прычынаў — вельмі нізкая рэпрэзэнтацыя карэнных народаў у Расеі — напрыклад, на тэлевізіі. Адсюль бярэцца нецярпімасьць».
Нават у роднай Якуціі Аял адчуваў, што яго не прымалі за «свайго» з-за зьмяшаных каранёў.
«Ты павінен быць чыстакроўным якутам, каб цябе прынялі ў грамадзтве. Чыстакроўнаму якуту там апраўдаюць усё — абсалютна любы гвалт, аж да забойства або пэдафіліі. Але пры гэтым калі ахвяра — мэтыс або прадстаўнік нетытульнага народу, вінаваціць будуць менавіта ахвяру», — кажа ён.
Да 17 гадоў Аял жыў у невялікім якуцкім горадзе. Адкрытай агрэсіі там не было, але адчувалася нябачная герархія. Напрыклад, пры сустрэчы з расейцам зьяўлялася адчуваньне, быццам той знаходзіцца на прыступку вышэй: «Нейкі „старэйшы брат“. Гэта ўбіраецца зь дзяцінства. Ты лічыш гэтага чалавека вышэйшым за сябе. Таму „братэрская любоў“ паміж народамі — гэта пра боль, а не пра любоў».
Пазьней Аял паступіў на псыхоляга ва ўнівэрсытэт у Екацярынбургу. «Першы год я — адзіны азіят ва ўнівэрсытэце. Прычым, мне ўвесь час пра гэта нагадвалі. Студэнты кідалі ў мой адрас: „япончык“, „кітаец“, „ніхао“ і гэтак далей. Гэта было нормай для іх».
Аднойчы выкладчыца па канфлікталёгіі адмовілася ставіць залік, спасылаючыся на вялікую колькасьць пропускаў, хаця іншым студэнтам у аналягічнай сытуацыі залікі ставілі без праблем: «Я спытаў наўпрост, чаму вы адным навучэнцам ставіце залік, а мне не. Яна адказала: „Вось не хачу я табе ставіць, разумееш? А потым яшчэ вельмі непаважліва выказалася на рахунак паважаных людзей у Якуціі“».
Нашага чытача не аднойчы білі і на вуліцы, і нават у краме з абразьлівымі выкрыкамі. Нават проста зьняць жыльлё ў Маскве, дзе ён жыў па працы, было амаль немагчымым. «Па тэлефоне ты кажаш — усё абсалютна адэкватна, — дзеліцца Аял, — А калі прыходзіш на прагляд — зусім іншае стаўленьне. Мяне ўспрымалі выключна як турыста ў Маскве. Ну натуральна, людзі ж не чакаюць, што ў Расеі, аказваецца, жывуць нерасейцы».
Дужацца з такімі ўстаноўкамі цяжка: «У цябе паступова зьнікае адчуваньне, што ты частка грамадзтва. У маім выпадку я проста вырашыў, што гэта не мая культура, што я не жадаю быць часткай той культуры, у якой норма — грубіянства, гвалт, непрыманьне. Гэта і ксэнафобія, і гамафобія».
Жаданьне зьехаць зьявілася яшчэ ў 2011 годзе, але ўдалося пераехаць у Лёндан ужо пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны. Хоць у Ангельшчыне Аял пачуваецца зусім інакш, жыцьцё ў ксэнафобным асяродзьдзі накладе свой адбітак:
«Калі ты расьцеш у асяродзьдзі, дзе ты заўсёды па змаўчаньні другі гатунак, нават калі ты разумнейшы, адукаванейшы або таленавіцейшы за кагосьці, складана прыняць, што можа быць па-іншаму. Гэтае адчуваньне часам яшчэ перасьледуе мяне, хоць я прапрацоўваю яго, і асяродзьдзе ў мяне выключна мясцовае і вельмі выхаванае. З усімі я тут маю зносіны на роўных».
Такое таксама называюць наступствамі расавай траўмы. Ідэя «другараднасьці» настолькі глыбока працінае грамадзтва ў Расеі, што нават карэннымі народамі ўжо ўспрымаецца як норма, кажа суразмоўца: «Напрыклад, калі хтосьці прыяжджае ў Якуцію, яму ўсё накрыюць, пакажуць, усю добрую ежу на стол выставяць несьвядома. Гэта не гасьціннасьць, гэта культура, выпеставаная гвалтам і страхам».
Нармалізаваная ксэнафобія прышчэпленая карэнным народам менавіта каляніяльнай культурай, гаворыць Аял. «Гэта ж пра імпэрскасьць. Ніхто ня ведае досьведу іншага чалавека і ніхто ня можа гаварыць ад імя іншага чалавека, пагатоў у такой адчувальнай тэме. Гэта мысьленьне абсалютна нармалізаванай ксэнафобіі. Гэта значыць, чалавек лічыць, што загадзя мае права за кагосьці казаць, абясцэньваць іх асабісты досьвед, прычым часам абсалютна шчыра, людзі нават не задумваюцца».
Суразмоўца ўзгадвае словы Юліі Навальнай, сказаныя на стратэгічным форуме ў Славеніі ў верасьні 2024 году. Тады яна заявіла, што дэкалянізацыя Расеі не адпавядае стратэгіі разьвіцьця краіны, а прыхільнікі гэтай ідэі «ня могуць растлумачыць, чаму людзі з агульным бэкграўндам і культурным кантэкстам павінны быць штучна падзелены».
«Цяпер нават прадстаўнікам інтэлектуальнай апазыцыі ўласьцівыя выказваньні, якія ўвасабляюць нармалізаваную ксэнафобію. Я паважаю іх за антываенную пазыцыю, але нармалізаваная ксэнафобія — гэта частка несьвядомага — і яны выбіраюць ігнараваць тое, што зьяўляецца гвалтам, і нападаюць нават на ўразьлівую частку насельніцтва. Ня хочуць думаць. Але калі мы хочам рэальнай дэмакратыі, трэба цывілізавана пачаць раўнапраўны дыялёг паміж незалежнымі, часам нязручнымі этнічнымі актывістамі, прызнаючы складаныя гістарычныя факты каляніяльнай палітыкі, якая і ёсьць коранем нармалізаванай ксэнафобіі ў Расеі».
Вайна і каляніяльныя наратывы
Нават за межамі Расеі ў эмігранцкіх колах прадстаўнікі карэнных народаў і дэкаляніяльныя актывісты працягваюць сутыкацца з дыскрымінацыяй, кажа Вікторыя Маладаева — бурат-мангольская актывістка і сузаснавальніца фонду «Indigenous of Russia». Ён займаецца прадстаўленьнем інтарэсаў расейскіх карэнных народаў, расказвае пра іх культуру і гісторыю, а таксама дапамагае людзям актыўна распазнаваць і змагацца з расізмам.
Хаця яны, як расейскія апазыцыйныя палітыкі, адкрыта выступаюць супраць вайны, яны ўсё роўна сутыкаюцца з нападкамі і непрыняцьцем. А калі актывісты крытыкуюць палітыкаў — то гэта вядзе да абвінавачаньняў у «цкаваньні» і «правакацыях». Прадстаўнікі карэнных народаў у гэтым бачаць працяг расейскага імпэрыялізму і расізму. Выказваньні накшталт заявы Юліі Навальнай — толькі адзін з мноства прыкладаў. Такое стаўленьне з боку тых, каго актывісты лічаць аднадумцамі ў барацьбе з рэжымам і вайной, дадаткова рэтраўматызуе людзей, кажа Вікторыя.
Паводле яе слоў, адна з ключавых праблем — адсутнасьць незалежных галасоў карэнных народаў на публічных пляцоўках: «Калі прадстаўнікі карэнных народаў і трапляюць на такія канфэрэнцыі, то апынаюцца ў меншасьці. Каб становішча зьмянілася, трэба быць актыўным антырасістам, а ня проста хаўрусьнікам: не маўчаць, а спыняць ксэнафобныя і каляніяльныя выказваньні».
Вікторыя дадае: ксэнафобія гучыць ня толькі з вуснаў апазыцыянэраў. Нават незалежныя СМІ часта трансьлююць стэрэатыпы і экзатызуюць карэнныя народы.
«Калі ты чытаеш кнігі ці этнаграфічныя даследаванні гісторыкаў дарэвалюцыйнай Расіі, яны апісваюць нас як неадукаваных дзікуноў. І вось праз 300 гадоў ты разумееш, што многія людзі працягваюць так думаць. Вельмі складана нешта параіць такім людзям. Яны павінны перш за ўсё працаваць над сабой, бачыць у нас роўных людзей бяз гэтых стэрэатыпаў. Шмат такой ксэнафобскай рыторыкі, захоўваюцца каляніяльныя наратывы», — упэўненая Вікторыя.
Дзяўчына кажа, што ксэнафобія ў Расеі была заўсёды. Проста аб гэтым казалі менш. Карэнныя народы, як і мігранты, даўно сутыкаюцца з гвалтам і дыскрымінацыяй. Поўнамаштабная вайна ва Ўкраіне толькі ўзмацніла гэты цыкль — асабліва на тле антымігранцкай рыторыкі, якую актыўна прасоўваюць расейскія ўлады.
У апошнія гады, паводле дасьледчага цэнтру «Сава», рэзка вырасла колькасьць нападаў на людзей, якіх нападнікі лічылі «этнічна чужымі». У 2024 годзе такіх нападаў было зафіксавана 163 — гэта ўдвая больш, чым годам раней.
На становішча карэнных народаў моцна паўплывала поўнамаштабная вайна ва Ўкраіне. Часам яны становяцца ахвярамі паліцэйскіх рэйдаў, а часам сутыкаюцца з гвалтам нават на вуліцах. Напрыклад, у чэрвені 2025 году ў Падмаскоўі «дружыньнік» прыняў ураджэнку Бураціі за мігрантку і сілай утрымліваў яе ля выхаду на станцыі Маскоўскага цэнтральнага дыямэтру, а затым перадаў паліцыі.
«Улада дэманструе велізарную крывадушнасьць. З аднаго боку, кажуць пра „адзіны расейскі народ“, які ў адзіным парыве змагаецца супраць „ўкраінскага нацызму“ за „расейскі сьвет“. Гэты вобраз навязваецца прапагандай. З іншага боку, у мясасечцы вайны гіне вельмі шмат прадстаўнікоў этнічных меншасьцяў, карэнных народаў, што проста катастрафічна», — гаворыць экспэртка антыдыскрымінацыйнага цэнтру «Мэмарыял» Вольга Абраменка.
Падлікі Бі-бі-сі і «Мэдыязоны» пацьвярджаюць яе словы: страты на фронце нераўнамерныя. Больш за ўсё загінулых — у «этнічных» рэгіёнах. Лідзіруе Тува (120 сьмерцяў на 10 тысяч мужчын), за ёй — Бурація (91 сьмерць) і Алтай (89).
«Для карэнных малалікіх народаў, асабліва ўразьлівых, уцягваньне ў вайну багатае на фізычнае зьнішчэньне, зьнікненьне. Гэта злачынства супраць чалавецтва», — кажа Вольга Абраменка.
Але апроч фізычнага зьнішчэньня народу, расейскія ўлады змагаюцца і з праявамі нацыянальнай ідэнтычнасьці. З 2017 году ўлады пачалі згортваць абавязковае выкладаньне моваў карэнных народаў, абмежаваўшы вывучэньне роднай мовы да дзьвюх гадзін. А ў 2025 годзе Пуцін падпісаў указ, які абвяшчае расейскую мову «аб’яднаўчым фактарам» і «ключавым элемэнтам грамадзянскай ідэнтычнасьці».
Ціску зазнаюць і мясцовыя актывісты. У ліпені 2025 году якуцкі стэндап-комік Ньюргун Атакаў атрымаў штраф за «распальваньне нянавісьці» пасьля выступу, у якім казаў пра калянізацыю, дыскрымінацыю якутаў і ігнараваньне іх гісторыі.
«Мая родная мова — якуцкая, не расейская. Якуція — гэта таксама тыпу Расея. Але ў падручніку па гісторыі Расеі — нічога пра Якуцію. А што пра нас пісаць? Як мы з аленямі сьпім? З афрыканцаў зрабілі рабоў, індзейцаў амаль усіх зьнішчылі», — гаварыў комік з ужываньнем ненарматыўнай лексыкі.
Але ёсьць і іншы эфэкт: расьце колькасьць галасоў, якія патрабуюць незалежнасьці, а тэрмін «дэкалянізацыя» ўсё часьцей гучыць нават на міжнародных форумах.
У красавіку 2024 году на Пастаянным форуме ААН у справах карэнных народаў выступіла бурацкая актывістка Марына Ханхалаева. Яна казала аб калянізацыі, узмацненьні цэнтралізацыі і аб тым, як пасьля ўварваньня ва Ўкраіну неславянскія грамадзяне Расеі сталі «расходным матэрыялам».
«Я думаю, што вайна, якая пачалася ў 2022 годзе, вельмі ярка выкрыла ўсе праблемы карэнных народаў, праблемы расейскай дзяржавы, паказала, як на самой справе Крэмль да нас ставіцца — як да нейкіх сыравінных прыдаткаў, рэсурсаў, у тым ліку і чалавечых, — расказвала дзяячка ў інтэрвію Idel. Рэаліі, — Масква ніколі не лічылася з карэннымі народамі, ня ўлічвала іхныя інтарэсы. Сытуацыя [ва ўсіх рэспубліках] прыкладна аднолькавая: гранічная галеча, якая ствараецца штучна для таго, каб занявольваць людзей, каб, загнаўшы іх у крэдыты, у такое падпарадкаванае становішча, прымушаць іх выконваць свае імпэрскія амбіцыі».
Форум