Генэральны штаб Літвы дапусьціў, што бесьпілётніка на тэрыторыі краіны магло і ня быць

Ілюстрацыйнае фота

Паведамленьні пра дрон, які заляцеў у Літву з тэрыторыі Беларусі, маглі быць фальшывымі, дапускаюць у вайсковым ведамстве.

Кіраўнік Генэральнага штабу Літвы Раймундас Вайкшнарас заявіў, што паведамленьні пра бесьпілётнік, які заляцеў 28 ліпеня на тэрыторыю краіны з тэрыторыі Беларусі, могуць быць фальшывымі. Зараз праводзяць апытаньні жыхароў, ці сапраўды яны бачылі аб’ект у палёце, ці толькі чулі. Пра гэта Вайкшнарас расказаў у камэнтары LRT, піша Delfi.

Паводле яго, пашыраныя ў сацыяльных сетках відэа, на якіх нібыта зафіксаваны бесьпілётнік, што ляціць у Літву, маглі зьняць ва Ўкраіне.

За дзень бесьпілётніка на тэрыторыі Літвы так і не знайшлі, на ноч пошукі прыпынілі, паабяцаўшы, што адновяць іх зранку ў аўторак.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Неапазнаны дрон зноў заляцеў у Літву з тэрыторыі Беларусі

Міністарка нацыянальнай абароны Давіле Шакалене падтрымала думку вайскавода. Паводле яе, пакуль незразумела, ці быў бесьпілётнік у Літве ўвогуле. Аднак міністарка запэўнівае, што ўсе вэрсіі правяраюць.

Раней у Літве выказвалі здагадку, што дрон мог заляцець на тэрыторыю краіны пасьля таго, як быў дэзарыентаваны ўкраінскімі сродкамі абароны.

Падобны інцыдэнт зафіксавалі і 10 ліпеня. Тады расейскі бесьпілётнік Gerbera, які ляцеў зь Беларусі, парушыў паветраную прастору Літвы. Паводле зьвестак службаў, ён ня нёс пагрозы. Літоўскія вайскоўцы праводзяць расьсьледаваньне факту парушэньня паветранай прасторы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Літве ўзмацняюць ахову неба пасьля інцыдэнту з залётам дрона зь Беларусі