У жывым эфіры «ПіКа Свабоды» а 16 гадзіне менскага часу Ганна Соўсь абмяркоўвае сучасныя спосабы супрацьстаяньня расейскай агрэсіі з прадстаўніцай беларускіх кібэрпартызанаў Юліянай Шаметавец і ізраільскім вайсковым аналітыкам Давідам Гендэльманам.
Глядзець размову на відэа цалкам
Тут фрагмэнты гутаркі
— Хакерская група Silent Crow разам з «Кібэрпартызанамі» заявілі аб пасьпяховым правядзеньні маштабнай апэрацыі супраць найбуйнейшага расейскага авіяперавозьніка авіякампаніі «Аэрофлот». 28 ліпеня былі адменены амаль 60 пар рэйсаў кампаніі.На раніцу аўторка былі адмененыя каля 60 пар рэйсаў. Генпракуратура Расеі пацьвердзіла, што прычынай збою стала хакерская атака, і завяла крымінальную справу. Па ацэнках экспэртаў РБК, толькі за 28 ліпеня «Аэрофлот» мог страціць да 250 мільёнаў расейскіх рублёў. Сёньня ізноў адмяняюцца рэйсы, у тым ліку ў Менск. Юліяна, раскажыце, якая была асноўная мэта гэта хакерскай атакі і як яна рыхтавалася?
— Мэтамі атакаў у Расеі для нас зьяўляецца любая кампанія, любая структура, якая супрацоўнічае з расейскім рэжымам. У тым ліку дзяржаўная кампанія «Аэрофлот». Мэтай гэтай атакі было, па-першае, нанесьці інфармацыйны, па-другое, нанесьці фінансавы ўрон. Мы ўжо бачым, што фінансавы ўрон — пасьпяховы. Ну і па-трэцяе, паказаць цану вайны для расейцаў, якія ўжо прызвычаіліся да таго, што там іхнія ябры, грамадзяне нешта там кагосьці забіваюць, але гэта іх не датычыцца. Вайна заўсёды іх датычыцца. Гэта зразумелы вынік таго, што робіць рэжым, што зьдзяйсьняюць расейскія грамадзяне ва Ўкраіне. Мы памятаем атаку дронаў, якая таксама прыпыняла авіярэйсы, і падобная атака таксама ўплывае на бытавое жыцьцё грамадзян Расеі. Украінцы ня могуць лятаць больш за тры гады ўнутры сваёй краіны. Гэта — самае малое, што можа ўплываць на расейцаў. Мы спадзяемся, што нейкі мэсыдж да іх можа дайсьці. Ну і канешне гэта таксама мэсыдж любым кампаніям, любым структурам, якія супрацоўнічаюць з расейскім рэжымам, гэта таксама для іх цана вайны. Яны павінны разумець усе рызыкі таго, што яны дапамагаюць ваенна-прамысловаму комплексу Расейскай Фэдэрацыі.
— Спадар Гендэльман, як вы ацэньваеце эфэктыўнасьць гэтай хакерскай атакі з пункту гледжаньня сучаснага супрацьстаяньня расейскай агрэсіі, сучаснага вядзеньня вайны?
— Кібэрвайна зьяўляецца неад’емнай часткай усіх сучасных войнаў, гэтак жа як баявыя дзеяньні на зямлі, на моры і ў паветры. Кібэрапэрацыі праводзяцца як дзяржаўнымі структурамі, так і рознымі недзяржаўнымі арганізацыямі. У дадзеным выпадку мы ўбачылі атаку на інфармацыйную інфраструктуру авіякампаніі, але амаль штодня, нават калі гэта і не трапляе ў СМІ, адбываюцца тыя ці іншыя атакі на іншыя аб’екты. Напрыклад, толькі сёньня ў Расеі зьявіліся паведамленьні, што дзьве аптэчныя сеткі таксама пацярпелі — іх інфармацыйныя сыстэмы былі выведзеныя з ладу. Кожны дзень атакам падвяргаюцца то энэргетыка, то авіякампаніі, то банкаўская сфэра. Гэта вельмі распаўсюджаная зьява ва ўсім сьвеце. Напрыклад, у 2023 годзе расейцы правялі маштабную хакерскую атаку супраць кампаніі мабільнай сувязі «Kyivstar», якая таксама мела вялікі эфэкт. Тое, што мы бачым цяпер, — гэта толькі адзін эпізод вялікай кібэрвайны, а не нешта адасобленае.
Ацэнка эфэктыўнасьці, натуральна, хутчэй пытаньне да ІТ-спэцыялістаў, але як мінімум на адзін дзень праца авіякампаніі была паралізаваная. Сёньня, паводле наяўнай інфармацыі, працу ўжо ў асноўным аднавілі. Але ўрэшце наўрад ці можна было чакаць, што адна атака цалкам спыніць дзейнасьць авіякампаніі. Аднак шкода ўжо нанесеная, і даволі сур’ёзная. На аднаўленьне ўсіх сыстэм бясьпекі і іншых кампанэнтаў спатрэбіцца шмат сродкаў. А бюджэт, як вядома, не гумовы. Так што ў чыста практычным пляне атака, безумоўна, была выніковай.
«ПіК Свабоды»
«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.
Як глядзець на YouTube
Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.
Як слухаць падкаст
Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.
• Наш сайт
• Apple Podcasts
• Spotify
• Soundcloud
• Podcast Republic
Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.