Пра гэта паведаміў у інтэрвію Польскаму радыё выканаўца абавязкаў дырэктара навучальнай установы Дарыюш Мусюк.
«Усіх, хто хацеў да нас прыйсьці, мы прынялі. Гэта вышэй за мяжу нашых мараў. Спачатку мы думалі пра тры клясы і 50 вучняў. Затым атрымалі дазвол на пашырэньне набору на 24 чалавекі. Прынялі 102 — супэр. Спадзяемся, што вышэйшая арганізацыя пагодзіцца яшчэ на адну клясу, каб дапамагчы ліцэю», — сказаў кіраўнік навучальнай установы.
Паводле Дарыюша Мусюка, у рамках пэдагагічнага экспэрымэнту ўсе першаклясьнікі будуць вывучаць беларускую мову як прадмет, некаторыя іншыя прадметы таксама будуць часткова выкладацца па-беларуску.
Практычна ўсе вучні — жыхары Гайнаўкі і Гайнаўскага павету, адзначыў Мусюк. Першыя клясы набралі ў рамках першага этапу залічэньня. На другім прымаюць дакумэнты ў выпускнікоў пачатковых школ, якія не паступілі ў іншыя сярэднія школы. Для іх, з словаў спадара Мусюка, зарэзэрвавана 21 месца.
У Гайнаўцы жывуць шмат этнічных беларусаў, горад з насельніцтвам каля 20 тысяч чалавек разьмешчаны за 30 кілямэтраў ад беларускай мяжы. Ліцэй заснаваны ў 1949 годзе як навучальная ўстанова з выкладаньнем па-беларуску.
Другі агульнаадукацыйны ліцэй у Гайнаўцы ў 2018, 2019, 2020, 2022, 2024 і 2025 гадах заняў другое месца ў рэйтынгу сярэдніх школ Падляскага ваяводзтва, піша Позірк.
Форум