Аб’яднаны пераходны кабінэт (АПК) зрабіў заяву «ў сувязі з ростам колькасьці вайсковых бесьпілётных лётных апаратаў Расейскай Фэдэрацыі ў паветранай прасторы Беларусі і пагрозамі ваеннай эскаляцыі».
У заяве тое, што адбываецца ў паветранай прасторы Беларусі апошнім часам, называюць адным з індыкатараў падрыхтоўкі рэжыму Лукашэнкі да ўдзелу ў ваенных дзеяньнях на баку Расеі.
Аўтары заявы заклікаюць усіх беларусаў і беларусак зьвяртацца ў мясцовыя органы ўлады і Міністэрства абароны па інфармацыю пра тое, як гарантуецца бясьпека грамадзян Беларусі і чаму ў паветранай прасторы Беларусі знаходзяцца небясьпечныя для жыцьця дроны.
29 ліпеня ўначы ў двары дому № 72 на вуліцы Матусевіча ў Менску ўпаў бесьпілётнік. У Сьледчым камітэце паведамілі, што па факце здарэньня завялі крымінальную справу. Паводле СК, бесьпілётнік меў баявую частку з тратылам і вялікай колькасьцю мэталічных шарыкаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Чаму яго не пасадзілі над полем ці лесам?». Што экспэрты кажуць пра прылёт бесьпілётніка з выбухоўкай у Менск ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Новая рэальнасьць: дрон з выбухоўкай падае на сталіцу. Аналіз Валера Карбалевіча- Аб’яднаны пераходны кабінэт Беларусі быў створаны ў жніўні 2023 году. Як тады заявіла яго кіраўніца Сьвятлана Ціханоўская, сярод мэтаў АПК — абараняць незалежнасьць і сувэрэнітэт Беларусі, прадстаўляць нацыянальныя інтарэсы Беларусі, а таксама распрацоўваць і выконваць рашэньні, неабходныя для дасягненьня дэмакратычных перамен у Беларусі. На пачатку ліпеня 2025 году Генэральная пракуратура прызнала Аб’яднаны пераходны кабінэт «тэрарыстычнай арганізацыяй»