Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новая рэальнасьць: дрон з выбухоўкай падае на сталіцу. Аналіз Валера Карбалевіча


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Супрацьпаветраная абарона Беларусі дрэнна гатовая да барацьбы з дронамі. І разьмяшчэньне тут расейскай ядзернай зброі і ракетнага комплексу «Арэшнік» мала дапаможа вырашыць гэтую праблему.

Нэўтралізацыя дрона, які нёс выбухоўку, такім чынам, каб ён упаў на двухмільённы горад — гэта непрафэсіяналізм ці безадказнасьць?

Сьцісла:

  • Адбываецца эскаляцыя вайны ва Ўкраіне. Таму ўсё большая колькасьць дронаў залятае ў Беларусь.
  • Для барацьбы з дронамі беларуская вайсковая машына дрэнна прыстасаваная. Падзеньне бесьпілётніка, які нёс выбухоўку, у цэнтры Менску — гэта нонсэнс з гледзішча бясьпекі.
  • Разбураецца ідэалягічны міт, што Лукашэнка — гарант міру, мірнага неба.
  • На абломках дрона, як выцякае з відэазапісу СК, бачныя надпісы на ўкраінскай мове. Вораг абазначаны.

Рана ці позна гэтага варта было чакаць. Вайна ў выглядзе падаючых дронаў дакацілася да Менску. Уночы 29 ліпеня ў цэнтры беларускай сталіцы ўпаў бесьпілётнік. Сьледчы камітэт (СК) сьцьвярджае, што ў дрона была баявая частка, запоўненая трацілам і вялікай колькасьцю паражальных элемэнтаў.

Як сьцьвярджаюць відавочцы, дрон урэзаўся ў дом, пасьля чаго ўпаў на зямлю. СК заяўляе, што бесьпілётнік упаў у двары. Пашкоджана некалькі машын. Дзякаваць Богу, людзкіх ахвяраў няма, хоць у двары дому, дзе здарыўся інцыдэнт, знаходзіцца дзіцячы садок.

За першы тыдзень ліпеня зафіксавалі ня менш за 59 інцыдэнтаў з дронамі ў Беларусі

А чакаць нечага падобнага варта было па той прычыне, што адбываецца эскаляцыя вайны ва Ўкраіне. Расея за год у пяць разоў павялічыла вытворчасьць дронаў. Паводле ацэнак ваенных экспэртаў, да лістапада расейцы змогуць наносіць па Украіне масіраваныя ўдары з ужываньнем да 2000 бесьпілётнікаў адначасова. Проста па тэорыі верагоднасьці ўсё большая іх колькасьць залятае ў Беларусь. За першы тыдзень ліпеня зафіксавалі ня менш за 59 такіх інцыдэнтаў, піша «Флагшток». Гэта рэкордная колькасьць.

Расійскія бесьпілётнікі сталі рэгулярна зьяўляцца ў паветранай прасторы Беларусі год таму. Былі выпадкі іх падзеньня на гарады Гомель, Калінкавічы, Хойнікі.

Вось цяпер дрон даляцеў да Менску. У ліпені было зафіксавана два выпадкі пранікненьня бесьпілётнікаў у Літву з тэрыторыі Беларусі. Мінулым годам бесьпілётнік праляцеў праз усю беларускую тэрыторыю і прызямліўся ў Латвіі.

Гэтыя факты даюць падставы рабіць высновы, што супрацьпаветраная абарона Беларусі дрэнна гатовая да барацьбы з дронамі. З пачаткам расейскай агрэсіі супраць Украіны Аляксандар Лукашэнка стаў надаваць значна больш увагі абароне. Амаль кожныя два тыдні ён праводзіў нарады, генэралы справаздачыліся, што беларускае войска з кожным днём мацнее. Адбываецца працэс мілітарызацыі ўсіх сфэр жыцьцядзейнасьці краіны. Былі створаны тэрытарыяльныя войскі, народнае апалчэньне, да вайны рыхтуюць дзяцей у школах.

А вось цяпер высьвятляецца, што для барацьбы з дронамі беларуская вайсковая машына дрэнна прыстасаваная. Яны лётаюць па ўсёй тэрыторыі і нават залятаюць у суседнія краіны

7 кастрычніка 2024 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ, якім дазваляе зьбіваць бесьпілётнікі не толькі вайскоўцам, але і супрацоўнікам іншых ваенізаваных арганізацый, уключаючы органы пракуратуры, мытні, камітэт судовых экспэртыз і нават інспэкцыю аховы жывёльнага і расьліннага сьвету. Сам факт прыняцьця такога ўказу сьведчыць і пра надзвычайнасьць сытуацыі, у якой апынулася краіна, і пра яе неабароненасьць ад новай зброі. Жыва ўяўляецца карціна, як пракурор ці судовы экспэрт страляе з пісталета па бесьпілётніку.

Чамусьці здаецца, што разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі і ракетнага комплексу «Арэшнік» мала дапаможа барацьбе з дронамі. Як вядома, генэралы заўсёды рыхтуюцца да мінулай вайны.

Міністэрства абароны Беларусі паведаміла, што сілы супрацьпаветранай абароны спынілі палёт дрона з дапамогай сродкаў радыёэлектроннай барацьбы. Так «спынілі», што ён упаў. То бок, быў зьбіты? Але з дапамогай сродкаў радыёэлектроннай барацьбы зьбіць дрон немагчыма, яго можна толькі перанакіраваць. Зь улікам таго, што бесьпілётнік, паводле паведамленьня СК, нёс выбухоўку, зьбіваць яго ці «спыняць» такім чынам, каб ён упаў у густанаселеным раёне двухмільённага горада — сталіцы Беларусі — гэта непрафэсіяналізм ці безадказнасьць?

Разбураецца ідэалягічны міт, што толькі дзякуючы Лукашэнку Беларусь не ўцягнутая ў вайну, ён — гарант міру, мірнага неба

Сытуацыя для беларускіх уладаў непрыемная ў любым выпадку. Найперш, разбураецца ідэалягічны міт, што толькі дзякуючы Лукашэнку Беларусь не ўцягнутая ў вайну, ён — гарант міру, мірнага неба.

Другі момант. Дасюль усе дроны, якія прыляталі ў Беларусь, былі расейскімі. Што стварала пэўную нязручнасьць для прапаганды.

Цяпер СК апублікаваў відэазапіс падзеньня бесьпілётніка, на абломках якога паказалі надпісы на ўкраінскай мове. Наколькі гэты сюжэт адпавядае рэальнасьці, сказаць цяжка, але вораг абазначаны.

У любым выпадку пагроза ад дронаў ідзе па нарастаючай. І нейкага эфэктыўнага супрацьдзеяньня ёй няма і не прадбачыцца.

Яшчэ важны нюанс. Мінулым годам, як толькі расейскія «шахеды» сталі залятаць у Беларусь, беларускія ўлады доўгі час замоўчвалі гэта. Цяпер жа яны дэманструюць нечуваную галоснасьць. Сытуацыю камэнтуюць Міністэрства абароны, Сьледчы камітэт, менская міліцыя. Бо калі такая гучная падзея адбываецца ў сталіцы, то спрабаваць нешта хаваць бессэнсоўна.

Праваабарончы цэнтар «Вясна» паведамляе, што АМАП затрымлівае менчукоў на месцы падзеньня бесьпілётніка. Хоць менская міліцыя і абвяргае гэта, але ў такое разьвіцьцё падзей лёгка паверыць. Бо затрымліваць людзей — адзінае, што ўмеюць добра рабіць улады.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG