29 ліпеня ўначы ў двары 72 дома па сталічнай вуліцы Матусевіча ўпаў бесьпілётнік. У Сьледчым камітэце паведамілі, што па факце здарэньня распачалі крымінальную справу. Паводле СК, бесьпілётнік меў баявую частку з тратылам і вялікай колькасьцю мэталічных шарыкаў.
На відэа і фотаздымках Сьледчы камітэт паказаў налепкі на рэштках бесьпілётніка на ўкраінскай мове. Пры гэтым напрамую не заяўлялася, што апарат прыляцеў менавіта з Украіны.
Паводле вайсковага экспэрта ўкраінскага выданьня Defense Express Івана Кірычэўскага, няма нейкай адной вэрсіі, як у Менск мог прыляцець гэты апарат.
«Казаць, што мог быць нейкі злы намер хоць з аднаго боку, каб гэты дрон прыляцеў, не даводзіцца. Украінскі бок, і расейскі бок выкарыстоўваюць сыстэмы РЭП (радыёэлектроннага падаўленьня — РС), які падмяняюць GPS-каардынаты. З аднолькавай імавернасьцю нейкі невядомы дрон, прычым ён невядомы нават па вэрсіі беларускіх сілавікоў, мог туды заляцець пад узьдзеяньнем аднаго РЭП, а пасьля ўпасьці пад узьдзеяньнем беларускага РЭП», — мяркуе экспэрт.
Чаму бесьпілётнік змог даляцець да спальнага раёну?
Бесьпілётнік цяжка перахапіць, бо ён занадта малы для радараў. Уначы яго можна пачуць, але цяжка пабачыць, тлумачыць экспэрт. Пры гэтым бесьпілётнік «пасадзілі» у двары спальнага раёну, а ня ў полі. Паводле Івана Кірычэўскага, тут мог паўплываць чалавечы фактар і адсутнасьць досьведу.
«Ніхто не нараджаецца з уменьнем глушыць бесьпілётнікі. Маглі адрапартаваць, што ўсё добра, пасадзілі, а пасадзілі па выніку не туды. Гэта проста магла быць адсутнасьць кампэтэнцый», — кажа экспэрт.
Што да налепак на бесьпілётніку, то такія тэхнічныя надпісы могуць наносіцца, таму што бесьпілётнік могуць запускаць уначы, людзі могуць дапускаць памылкі ў нейкіх сытуацыях, тлумачыць Іван Кірычэўскі. Што гэта за мадэль бесьпілётніка, сказаць адразу немагчыма, дадае экспэрт.
Таксама Іван Кірычэўскі зважае, што беларускі бок не стаў эскаляваць і выступаць з нейкімі абвінавачаньнямі. А абмежаваўся ляканічнай заявай.
«Афіцыйная рэакцыя выглядае паказальнай. Калі б хацелі ў нечым абвінаваціць, зрабілі б гэта нават без фізычнага факту прылёту беспілётніка ў Менск. Сказалі б, што ўпаў у полі і нанёс страты нейкаму калгасу», — прыводзіць прыклад суразмоўца.
Прадстаўнік аб’яднаньня былых сілавікоў BelPol Уладзімір Жыгар зьвяртае ўвагу, што калі б бесьпілётнік ляцеў з Украіны, то яму трэба было праляцець больш за 300 кілямэтраў. Гэта нямала для такой тэхнікі, хоць сучасныя бесьпілётнікі могуць пралятаць у разы болей.
«Няма адказу на галоўнае пытаньне, як ударны БПЛА праляцеў 300+ кілямэтраў, зрабіў крук над Менскам і быў „падаўлены“ над спальным раёнам сталіцы. Чаму яго не падавілі над полем, ці лесам? А магчыма яго аўтаматычна падавіла абсталяваньне, якое ўстаноўленае пад Менскам, ці ў Менску», — кажа Жыгар.
Расейскія бесьпілётнікі, якія рэгулярна атакуюць Украіну, залятаюць і ў Беларусь.
За першы тыдзень ліпеня зафіксавалі ня менш за 59 такіх інцыдэнтаў, піша «Флагшток». Гэта рэкордная колькасьць.
За ўвесь чэрвень было зафіксавана 17 такіх выпадкаў, у папярэднія месяцы — менш.
У ліпені было зафіксавана два выпадкі пранікненьня бесьпілётнікаў у Літву з тэрыторыі Беларусі.
Форум