Кіраўнік Генэральнага штабу Літвы Раймундас Вайкшнарас заявіў, што паведамленьні пра бесьпілётнік, які заляцеў 28 ліпеня на тэрыторыю краіны з тэрыторыі Беларусі, могуць быць фальшывымі. Зараз праводзяць апытаньні жыхароў, ці сапраўды яны бачылі аб’ект у палёце, ці толькі чулі. Пра гэта Вайкшнарас расказаў у камэнтары LRT, піша Delfi.
Паводле яго, пашыраныя ў сацыяльных сетках відэа, на якіх нібыта зафіксаваны бесьпілётнік, што ляціць у Літву, маглі зьняць ва Ўкраіне.
За дзень бесьпілётніка на тэрыторыі Літвы так і не знайшлі, на ноч пошукі прыпынілі, паабяцаўшы, што адновяць іх зранку ў аўторак.
Міністарка нацыянальнай абароны Давіле Шакалене падтрымала думку вайскавода. Паводле яе, пакуль незразумела, ці быў бесьпілётнік у Літве ўвогуле. Аднак міністарка запэўнівае, што ўсе вэрсіі правяраюць.
Раней у Літве выказвалі здагадку, што дрон мог заляцець на тэрыторыю краіны пасьля таго, як быў дэзарыентаваны ўкраінскімі сродкамі абароны.
Падобны інцыдэнт зафіксавалі і 10 ліпеня. Тады расейскі бесьпілётнік Gerbera, які ляцеў зь Беларусі, парушыў паветраную прастору Літвы. Паводле зьвестак службаў, ён ня нёс пагрозы. Літоўскія вайскоўцы праводзяць расьсьледаваньне факту парушэньня паветранай прасторы.
Форум