Нядаўнія заявы Ўладзімера Пуціна пра пляны Расеі збудаваць завод па вытворчасьці бесьпілётнікаў у Беларусі аказаліся «дымавой заслонай». Паводле расьсьледаваньня ініцыятывы беларускіх сілавікоў BelPol, такі завод ужо актыўна будуецца ў Менску з 2023 году.
Паводле BelPol, гэтае прадпрыемства абслугоўвае ў тым ліку вайсковыя патрэбы Расеі. Завод месьціцца за 300 мэтраў ад жылых раёнаў, што можа ствараць небясьпеку, бо такое прадпрыемства можа разглядацца як ваенная цэль.
Завод працуе пад шыльдай кампаніі «Бесьпілётныя лятальныя апараты». Яна была зарэгістраваная ў траўні 2023 году.
Паводле BelPol, «Бесьпілётныя лятальныя апараты» — «фірма-двайнік», якую стварылі, каб абысьці міжнародныя санкцыі, накладзеныя з 2024 году на Канструктарскае бюро «Бесьпілётныя верталёты» за падтрымку ваенных праграмаў.
22 жніўня 2023 году кампанія «Бесьпілётныя лятальныя апараты» набыла вытворчыя памяшканьні на вуліцы Янкі Маўра, 47 у Менскага заводу будаўнічых матэрыялаў, які быў у стадыі ліквідацыі.
Кошт угоды — 4,5 мільёна беларускіх рублёў за абʼект на дзялянцы больш за 16 гектараў — выглядае заніжаным, а такія прывілеі, лічыць BelPol, можа даць толькі Лукашэнка.
Працу кампаніі «Бесьпілётныя лятальныя апараты» курыруе фірма «Вэктар Капітал Груп». Яе ўзначальвае былы кіраўнік справаў Лукашэнкі Віктар Шэйман. Гэтая структура была створаная ў 2020 годзе пасьля таго, як Кіраўніцтва справамі трапіла пад міжнародныя санкцыі.
У гэтую схему ўцягнуты і Ўладзімер Япрынцаў, адзін з былых найбагацейшых бізнэсоўцаў Беларусі і саўладальнік «Бесьпілётных верталётаў».
Завод ужо выпускае як мінімум два тыпы ўдарных бесьпілётнікаў:
- «Аскалён» — з далёкасьцю палёту да 310 км, які зьяўляецца аналягам іранскага «Шахеда».
- «Міратворац» — ударны дрон з далёкасьцю палёту да 180 км.
Да канца 2025 году завод плянуе дасягнуць абʼёмаў да 960 ударных дронаў у год, што складае 2-3 адзінкі штодзень. Кожны такі дрон здольны несьці да 10 кг выбухоўкі.
Плянаваны даход на канец 2025 году — 76,2 мільёна даляраў ЗША.
Ужо ёсьць зьвесткі пра продаж гэтых дронаў у Расейскую Фэдэрацыю, сьцьвярджае BelPol.
BelPol — ініцыятыва былых сілавікоў, якія перайшлі на бок дэмакратычнага руху. Яны часта абапіраюцца на інфармацыю з крыніц, якія немагчыма спраўдзіць.
Форум