Неба больш не нэўтральная тэрыторыя, за яго ідуць спрэчкі, яго фрагмэнтуюць і мілітарызуюць, піша Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода.
Зьнікаюць звыклыя шляхі глябальных паветраных падарожжаў высока ў небе. Там, дзе калісьці пілёты ляцелі простымі транскантынэнтальнымі маршрутамі, цяпер яны пракладаюць шлях у небе, падобным да разьбітага шкла — мільёны рэйсаў уціснутыя ў перапоўненыя калідоры. У той жа час велізарныя прасторы застаюцца вусьцішна пустымі або кішаць ракетамі й дронамі.
Гэты зрух невыпадковы. Распаўсюджваньне войнаў, рэгіянальных баявых дзеяньняў і ваеннай эскаляцыі апошнімі гадамі зрабілі неба сьвету больш небясьпечным і непрадказальным, чым калі-небудзь з часоў халоднай вайны. Ад Расеі да Блізкага Ўсходу і па ўсёй Афрыцы «беспалётныя зоны» памножыліся, што прывяло міжнародную авіяцыю да крызісу і зьмяніла эканоміку, бясьпеку й вугляродны сьлед палётаў.
Паветраны хаос у Расеі: новая нармальнасьць
У пачатку ліпеня 2025 году аэрапорты па ўсёй Расеі апанаваў хаос. Толькі за выходныя 5–6 ліпеня больш за 2000 рэйсаў былі скасаваныя ці адкладзеныя пасьля таго, як чарада атак украінскіх дронаў прымусіла закрыць вялікія ўчасткі расейскай паветранай прасторы.
У маскоўскім аэрапорце Шарамецьева пасажырка Тацьцяна апісала сытуацыю як «катастрофу». Залі чаканьня былі перапоўненыя, людзі ляжалі па падлозе, а асноўныя выгоды, накшталт пітной вады, скончыліся. «Сядзець не было дзе, і людзі спалі на плітцы», — сказала яна.
У Санкт-Пецярбурзе таксісты бралі да 80 000 рублёў (1025 даляраў) за паездкі ў Маскву, бо квіткі на цягнікі былі распрададзеныя пасьля закрыцьця аэрапорту Пулкава. Толькі 6 ліпеня больш за 15 000 пасажыраў затрымаліся ў Шарамецьеве, а меншыя аэрапорты ў Калузе, Тамбове і Пскове прыпынілі ўсе апэрацыі.
Прадстаўнікі расейскага міністэрства абароны заявілі, што ў тую ноч яны перахапілі да 120 дронаў, некалькі зь іх зьбіўшы ўсяго за некалькі кілямэтраў ад Масквы. Улады назвалі «вонкавае ўмяшаньне» прычынай паўторнага закрыцьця паветранай прасторы, якое цяпер стала звычайнай зьявай. З моманту поўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну ў 2022 годзе Расея закрывала аэрапорты больш за 600 разоў.
Затрымацца ў небе
Але калі непрыемна затрымацца ў аэрапорце, уявіце сабе, што вы затрымаліся ў небе. У чэрвені 2025 году, пасьля таго як Іран запусьціў ракеты па амэрыканскай авіябазе Аль-Удэйд у Катары, суседнія краіны апэратыўна закрылі сваю паветраную прастору. Рэйс Qantas з Пэрту ў Парыж 15 гадзін кружляў у паветры, перш чым вярнуцца ў Аўстралію без пасадкі. Іншы быў вымушаны памяняць маршрут на Сынгапур.
Напружанасьць паміж Індыяй і Пакістанам у траўні 2025 году прывяла да закрыцьця ключавых калідораў, што прымусіла рэйсы паміж Эўропай і Паўднёва-Ўсходняй Азіяй перайсьці на даўжэйшыя і даражэйшыя маршруты. Час палёту падоўжыўся да 10 гадзін, аварыйныя пасадкі для запраўкі у незнаёмых аэрапортах сталі звычайнай зьявай.
Зьвесткі Flightradar24 паказваюць, што пілёты цяпер сутыкаюцца з калідорамі «супэршчыльнасьці» — вузкімі палосамі, запоўненымі самалётамі, а паабапал велізарныя пустэчы, забароненыя для палётаў. Перапоўненасьць значна павялічвае рызыку сутыкненьняў, у той час як перагружаныя авіядыспэтчары практыкуюцца ў лягістычным жанглёрстве.
Над Чырвоным морам, Лівіяй, Суданам і Сырыяй, а таксама ў Субсахарскай Афрыцы рэйсы ўсё часьцей перанакіроўваюць з прычыны праблемаў бясьпекі. Паветраны кантроль у зонах канфліктаў часта нестабільны або яго няма, і пілёты мусяць каардынаваць аблёты проста ў паветры, выкарыстоўваючы састарэлыя ці альтэрнатыўныя каналы.
Экалягічныя і эканамічныя наступствы
Уся гэтая зьмена маршрутаў адбываецца коштам шкоднага ўплыву на навакольнае асяродзьдзе. Згодна зь нядаўнім дасьледаваньнем Унівэрсытэту Рэдынгу ў Вялікай Брытаніі і Інстытуту П’ера-Сымона Ляпляса ў Францыі, толькі абмінаньне расейскай паветранай прасторы прывяло да росту выкідаў CO₂ на 8,2 мільёна тон за год. Рэйсы зь зьмененым маршрутам спалілі ў сярэднім на 13 працэнтаў больш паліва, прычым найбольшы скачок назіраўся на маршрутах Эўропа – Азія і Паўночная Амэрыка – Азія.
Асобная дасьледчая праца Вікторыі Іваньнікавай, вядучай дасьледніцы авіяцыі ў Дублінскім гарадзкім унівэрсытэце (2024 год), засьведчыда, што перанакіраваныя рэйсы з Эўропы ў Азію цяпер каштуюць авіякампаніям больш паліва (прырост да 39 працэнтаў) і выкідваюць больш вуглякіслага газу (прырост да 40 працэнтаў). Гэта жахлівыя лічбы для галіны, якая і так вымагае дэкарбанізацыі.
Пераможцы і пераможаныя ў нябесных войнах
Кітайскія авіякампаніі ўхапіліся за магчымасьць атрымаць доступ да расейскай паветранай прасторы. Іхныя маршруты з Эўропы ў Азію хутчэйшыя і больш даступныя, яны выціскаюць заходніх канкурэнтаў, не зьвязаных з палітыкай.
British Airways нават скасавала свой рэйс Лёндан – Пэкін і адзін з сваіх штодзённых рэйсаў Лёндан – Ганконг летам 2024 году празь вялікія страты.
Finnair, галоўны фінскі авіяперавозьнік, страціў сваю перавагу ў злучэньні Эўропы з Азіяй. Рэйс у Шанхай, які кітайскай авіякампаніі Juneyao Airlines калісьці займаў дзевяць гадзін, цяпер забірае 12 гадзін і больш на Finnair.
Нават у ЗША авіякампаніі адчуваюць нагрузку. Напрыклад, United Airlines зьмяніла маршрут Дэлі – Ньюарк: цяпер гэта не 13-гадзінны рэйс наўпрост, а 15-гадзіннае падарожжа праз Эўропу і Блізкі Ўсход, бо расейскае неба закрыта. Такая адаптыўнасьць, хоць і ў адказ на нягоды, сьведчыць аб устойлівасьці авіяцыйнай галіны.
Air India ненадоўга выйграла, але страціла вагары ўплыву пасьля абмежаваньняў паветранай прасторы Пакістанам па тэрарыстычным акце ў спрэчным Кашміры ў красавіку 2025 году.
Ракеты ў небе
У рэгіёнах, прылеглых да зонаў вайны, неба больш не манапольная прастора для камэрцыйных самалётаў. Ваенныя дзеяньні цяпер наўпрост перасякаюцца з цывільнымі маршрутамі.
У лютым Кітай правёў неабвешчаныя вайскова-марскія вучэньні з баявой стральбой у Тасманавым моры. Камэрцыйныя самалёты мусілі ў паветры мяняць маршрут пасьля таго, як пілёт Virgin Australia выпадкова заўважыў папярэджаньне на неўжыванай радыёчастаце.
У сьнежні 2024 году расейская сыстэма супрацьпаветранай абароны выпадкова зьбіла азэрбайджанскі рэйс AZAL каля Актаў, Казахстан. 38 з 67 чалавек на борце загінулі. У іншым выпадку арандаваны кіргіскай кампаніяй грузавы самалёт быў зьбіты ў Судане баевікамі, якія памылкова прынялі яго за вайсковы самалёт забесьпячэньня.
Гэта не адзінкавыя выпадкі. Рэйс PS752 «Міжнародных авіялініяў Украіны» быў зьбіты Іранам у 2020 годзе, а самалёт MH17 «Малайзійскіх авіялініяў» над Украінай у 2014 годзе зьнішчыла ракета, пастаўленая Расеяй. Абедзьве трагедыі паслужылі суровымі папярэджаньнямі: камэрцыйныя самалёты ўсё часьцей рызыкуюць увайсьці ў сьпіс пабочных стратаў вайны.
Глябальная сыстэма паветраных пасажырскіх перавозак, калісьці цуд хуткасьці, бясьпекі й паяднаньня, цяпер нагадвае складанае павучыньне геапалітычных інтарэсаў. Кожны новы канфлікт мяняе карту. Кожнае закрыцьцё, кожная зьмена маршруту і кожная адмова ў доступе да паветранай прасторы павялічваюць затрымкі, выкіды й выдаткі.