«Сытуацыя ў Беларусі іншая, чым у Літве». Міністарка абароны Літвы патлумачыла, чаму літоўцы ня зьбілі дрон

Ілюстрацыйнае фота

Міністарка абароны Літвы Давіле Шакалене пракамэнтавала інцыдэнт з дронам, які 28 ліпеня меркавана заляцеў у Літву з тэрыторыі Беларусі. Сярод іншага яна адказала на пытаньне, чаму літоўскія вайскоўцы ня зьбілі гэты бесьпілётнік.

Да гэтага мы павінны былі вельмі дакладна дамовіцца, якую рызыку мы бярэм на сябе, зьнішчаючы аб’екты, якія патэнцыйна не ствараюць пагрозы, — цытуе міністарку Delfi. — Гэта значыць ацаніць узровень пагрозы, якая ідзе ад гэтага абʼекта, і шкоду ад яго зьнішчэньня, калі ў нас не адрэгулявана (...) кіраваньне той жа грамадзянскай паветранай прасторай. Мы рэзка пачалі вырашаць гэтую праблему пару месяцаў таму, і празь некалькі тыдняў у нас будзе вынік».

Паводле Шакелене, цяпер ідуць закупкі абсталяваньня для нэўтралізацыі бесьпілётнікаў. «Тое, што мы цяпер робім, калі я знаходжуся на гэтай пасадзе, — мы закупляем акустычныя радары, паскараем закупкі зброі, і гэтыя працэсы працягваюцца», — патлумачыла міністарка.

Міністарка таксама адказала на параўнаньне сытуацыі ў Літве зь Беларусьсю, дзе 29 ліпеня ўлады паведамілі, што зьбілі бесьпілётнік у Менску.

«Сытуацыя ў Беларусі іншая, чым у Літве — ніхто не турбуецца пра тое, што яшчэ пацярпіць ад стральбы направа і налева ў паветранай прасторы. Гэта дакладна ня першы і не апошні зьнішчаны імі бесьпілётнік. Гэта адбываецца пэрыядычна. Колькасьць іншая, чым у нас», — заявіла міністарка пасьля сустрэчы з прэзыдэнтам Гітанасам Наўседам.

Між тым, камандуючы войскамі Літвы Раймундас Вайкшнарас зьвярнуў увагу на тое, што бесьпілётнік быў зьбіты толькі ў Менску, праляцеўшы больш за 300 км над Беларусьсю.

«Вы паглядзіце, ён 300 км праляцеў, яго зьбілі толькі пад Менскам. Гэта ні ў якім разе не апраўданьне, зразумейце правільна, але ў іх таксама ёсьць праблемы», — цытуе Вайкшнараса Delfi.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Чаму яго не пасадзілі над полем ці лесам?». Што экспэрты кажуць пра прылёт бесьпілётніка з выбухоўкай у Менск
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Новая рэальнасьць: дрон з выбухоўкай падае на сталіцу. Аналіз Валера Карбалевіча
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У ВПС Літвы мяркуюць, што дрон, які ўварваўся зь Беларусі, мог быць дэзарыентаваны ўкраінскімі СПА