Як заявіла Мая Санду, якая прытрымліваецца праэўрапейскай палітыкі, Расея імкнецца да таго, каб гэтай восеньню ўзяць Малдову пад свой кантроль.
На прэс-канфэрэнцыі пасьля паседжаньня Рады бясьпекі краіны яна адзначыла, што Крэмль, як чакаецца, будзе выкарыстоўваць розныя мэтады, у тым ліку падтрымку прарасейскіх сілаў на выбарах, арганізацыю вулічных пратэстаў пры дапамозе подкупу іх удзельнікаў, напады на дзяржаўныя ўстановы, подкуп выбаршчыкаў, кампанію ў інтэрнэце.
Адной з магчымых мэтаў Расеі Санду назвала зьніжэньне на выбарах яўкі грамадзян Малдовы, якія жывуць за мяжой. На рэфэрэндуме аб уступленьні Малдовы ў ЭЗ і нядаўніх прэзыдэнцкіх выбарах менавіта галасы гэтай групы выбаршчыкаў сталі вырашальнымі.
Санду папярэдзіла таксама аб тым, што, паводле яе зьвестак, Расея падтрымлівае ня толькі відавочна прарасейскія сілы, але і апазыцыйных кандыдатаў, якія пазыцыянуюць сябе як незалежныя і праэўрапейскія, але пры гэтым выступаюць супраць уладаў. Іх мэта — зьмена цяперашняга ўраду па выніках выбараў. Паводле слоў прэзыдэнткі, расейскія ўлады выкарыстоўваюць незаконныя схемы для фінансаваньня палітычных праектаў у Малдове, у тым ліку пры дапамозе крыптавалют.
Санду згадала таксама аб магчымым удзеле праваслаўнай царквы ў схемах Масквы і абвінаваціла Расею ў кампаніі дэзынфармацыі ў інтэрнэце. Пры гэтым яна раскрытыкавала сацсетку Telegram, заявіўшы, што яна не адказвае на запыты ўладаў адносна магчымых парушэньняў выбарчага заканадаўства з выкарыстаньнем гэтай плятформы.
Умяшаньне Расеі «нясе сур’ёзныя рызыкі для грамадзкага парадку і нацыянальнай бясьпекі, а галоўнае — можа драматычна падарваць сувэрэнітэт краіны і нашу эўрапейскую будучыню», — сказала Санду.
У Маскве яе абвінавачаньні пакуль не камэнтавалі.
Парлямэнцкія выбары ў Малдове пройдуць 28 верасьня. Паводле апошніх апытаньняў, кіроўная «Партыя дзеяньня і салідарнасьці» захоўвае лідэрства. Вядучыя апазыцыйныя сілы на чале з былым прэзыдэнтам Ігарам Дадонам нядаўна абʼявілі аб фармаваньні перадвыбарчага альянсу, які, апроч іншага, выступае за «нармалізацыю» адносін з Расеяй, супраць празаходняй арыентацыі краіны. Яшчэ адзін апазыцыйны блёк пад назвай «Перамога», зьвязаны з завочна асуджаным у Малдове і бізнэсмэнам Іланам Шорам, які мае расейскае грамадзянства, выбарчая камісія не дапусьціла да выбараў.
Форум