Аднак пытаньні аб тым, што пацягнула за сабой спробы паставіць пад строгі кантроль гэтыя ведамства, што гэта гаворыць аб кіроўнай клясе Ўкраіны і як апошнія падзеі паўплываюць на шанцы ўступіць у Эўразьвяз Украіны і Малдовы.
Пра гэта піша ў сваім блогу Рыкард Юзьвяк, эўрапейскі аглядальнік Радыё Свабода.
22 ліпеня Зяленскі падпісаў ужо ўхвалены да таго часу Вярхоўнай Радай законапраект, які перадаваў Нацыянальнае антыкарупцыйнае бюро Ўкраіны (НАБУ) і Спэцыяльную антыкарупцыйную пракуратуру (САП) у падпарадкаваньне генэральнага пракурора, падсправаздачнага прэзыдэнту. У той жа дзень украінцы, нягледзячы на небясьпеку расейскіх авіяўдараў, выйшлі на вуліцы з публічным пратэстам супраць дзеяньняў, якія, на думку многіх, пазбавілі незалежнасьці праваахоўныя інстытуты ў краіне, вядомай сваёй карупцыяй, якая глыбока ўкаранілася.
У Брусэлі таксама неадкладна адрэагавалі на тое, што ўкраінскі парлямэнт і прэзыдэнт прынялі такі закон. Старшыня Эўрапейскай камісіі Урзуля фон дэр Ляен, так і старшыня Эўрапейскай рады Антоніу Кошта патэлефанавалі Зяленскаму, запатрабаваўшы тлумачэньняў і выказаўшы «сур’ёзную заклапочанасьць» разьвіцьцём сытуацыі.
Эўрапейская камісарка ў пытаньнях пашырэньня Марта Кос у сваім допісе ў сацыяльнай сетцы X заявіла, што «незалежныя органы, такія як НАБУ і САП, маюць вырашальнае значэньне для прасоўваньня Ўкраіны па шляху ў ЭЗ». На працягу двух дзён Зяленскі рэзка зьмяніў сваю пазыцыю, вылучыўшы новы законапраект, які забясьпечвае незалежнасьць НАБУ і САП.
Але шкода ўжо была нанесеная.
Эўрапейскі дыплямат, які пажадаў застацца ананімным, заўважыў у давернай размове: Зяленскі «сапраўды здолеў без паважнай прычыны нанесьці сабе шкоду», бо стварыў глебу для крытыкі з боку многіх прадстаўнікоў ЭЗ, якія сьцьвярджаюць, што Кіеў безнадзейна карумпаваны.
Іншы дыплямат адзначыў, што, здаецца, Украіна раптоўна вярнулася ў эпоху былога прэзыдэнта Віктара Януковіча, які ўвесь час змагаўся за кантроль над судовай сыстэмай. Януковіч быў адхілены ад улады ў 2014 годзе ў выніку шырокай кампаніі пратэстаў, выкліканых ягоным рашэньнем не падпісваць пагадненьне аб асацыяцыі і свабодным гандлі з ЭЗ, а замест гэтага выбраў больш шчыльныя сувязі з Масквой.
Незадаволенасьць з нагоды кіеўскіх заканадаўчых пэрыпэтыяў была таксама накіраваная супраць кіраўніка адміністрацыі Зяленскага Андрэя Ярмака, фігуры ўплывовай, але такой, якая выклікае глыбокую палярызацыю ў эўрапейскіх колах. Крыніцы ў ЭЗ паведамляюць: застаюцца пытаньні наконт таго, якія «сапраўдныя твары» Зяленскага і палітыкаў зь ягонага асяродзьдзя, улічваючы, што многія чыноўнікі ва Ўкраіне і без таго асьцерагаюцца «схільнасьці прэзыдэнта да цэнтралізацыі ўлады».
Зяленскі прызнаў, што дэманстрацыі ў краіне (першыя падобныя праявы грамадзкага непадпарадкаваньня ўлады з моманту поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну ў лютым 2022 году), прымусілі яго зьмяніць сваё меркаваньне. Афіцыйныя асобы ЭЗ расцанілі гэтую зьмену як станоўчую, як прыкмету наяўнасьці ва Ўкраіне здаровай грамадзянскай супольнасьці. Зьвяртаюць таксама ўвагу на ранейшыя заслугі Зяленскага і на тое, што ў адрозьненьне ад значнага адкату ад дэмакратычных працэдур, які назіраецца, напрыклад, у Грузіі, Украіна пакуль не збочыла са шляху рэформ.
Выглядае, што ціск з боку Брусэлю таксама мог паўплываць на апошні ўчынак Зяленскага. Адзін з чыноўнікаў ЭЗ прызнае: на стале былі любыя варыянты рашэньня, і Кіеву далі гэта выразна зразумець. Маглі б быць замарожаныя мільярды эўра, якія ЭЗ рэгулярна дае Ўкраіне, у асноўным на ўмовах правядзеньня рэформаў, у прыватнасьці ў судовай сыстэме.
Адным з крытэраў візавай лібэралізацыі для Ўкраіны ў 2017 годзе было стварэньне НАБУ. Хоць ніхто адкрыта не прапаноўваў скасаваць спрошчаныя працэдуры (як гэта зараз абмяркоўваецца ў выпадку з Грузіяй), сама пагроза разгляду гэтага пытаньня аказалася дастатковай, каб памяняць паводзіны Кіева.
Узьнікла і яшчэ адно далікатнае пытаньне — аб разьдзяленьня Ўкраіны і Малдовы ў іх спробах уступіць у ЭЗ, што азначала б тое, што малдоўскія ўлады з гэтага часу працягнуць працэс інтэграцыі з ЭЗ самастойна. Гэта стала б цяжкім ударам для Кіева, улічваючы, што да гэтага часу абедзьве краіны разам ішлі да сяброўства ў ЭЗ, хоць Вугоршчына, якая мае свой сьпіс прэтэнзіяў да ўсходняга суседа, захоўвае асаблівае меркаваньне ўва «ўкраінскім пытаньні».
Афіцыйныя асобы ЭЗ паведамілі Радыё Свабода, што гэтая тэма магла б актуалізавацца ў пачатку верасьня: Брусэль мае намер падтрымаць праэўрапейскі ўрад Малдовы напярэдадні важных парлямэнцкіх выбараў.
Той факт, што Вугоршчына напэўна ня зьменіць сваёй пазыцыі ў гэтым пытаньні (партыю прэмʼер-міністра Віктара Орбана будучай вясной таксама чакаюць выбары ў парлямэнт), робіць сытуацыю яшчэ больш пікантнай. Многія краіны-удзельніцы ЭЗ лічаць, што разьдзяленьне Ўкраіны і Малдовы было бы несправядлівым, бо па сутнасьці азначала б саступку «шантажу» Будапэшта. Тым ня менш, некаторыя дыпляматы прызналі: апошнія падзеі ў Кіеве аслабілі іхныя аргумэнты, нягледзячы на хуткую адмову Зяленскага ад сваіх намераў.
Падкрэсьліваючы разыходжаньні ў падыходах унутры ЭЗ, у той жа дзень, калі ўкраінскі парлямэнт ухваліў спрэчны закон, грэцкая паліцыя арыштавала малдоўскага алігарха Ўладзіміра Плахатнюка. Апазыцыйны палітык і адзін з найбагацейшых людзей Малдовы, ён, як сьцьвярджаюць улады ў Кішынёве, учыніў незаконныя фінансавыя махінацыі абʼёмам больш за мільярд даляраў. Плахатнюк абвінавачваньні ў свой адрас адкідае.
Высілкі Малдовы і Ўкраіны ў барацьбе з карупцыяй ня могуць быць у вачах шматлікіх палітыкаў у Брусэлі больш кантраснымі. У сталіцы ЭЗ існуе меркаваньне: расчараваньне Ўкраіны вугорскім вэта і відавочная няздольнасьць Зьвязу справіцца з гэтай сытуацыяй маглі заахвоціць Зяленскага менш клапаціцца аб «любімых тэмах» эўрачыноўнікаў, такіх як карупцыя. Ходзяць чуткі: некалькі высокапастаўленых прадстаўнікоў ЭЗ наўпрост заявілі Зяленскаму ў кулюарах нядаўняй канфэрэнцыі ў аднаўленьні Ўкраіны ў Рыме, што ён павінен быць гатовы прыняць факт «малдаўскага апярэджаньня».
У спалучэньні зь меншай увагай да згаданага пытаньня з боку новай амэрыканскай адміністрацыі гэтая акалічнасьць, як мяркуюць, магла заахвоціць Зяленскага зрабіць спробу разабрацца з даўнімі ўнутранымі непрыемнасьцямі, паставіўшы пад шчыльны кантроль надакучлівых барацьбітоў з карупцыяй. Магчыма, у гэтым выпадку Зяленскі пераацаніў свае сілы, ці ў няўдалы момант раскрыў свае карты. Так ці інакш, у ЭЗ усё гэта прынялі да ўвагі.
Форум