Сытуацыя з водазабесьпячэньнем на акупаванай Расеяй частцы тэрыторыі Данецкай вобласьці стала крытычнай, піша ўкраінская служба ВВС.
У Данецку ваду падаюць толькі раз на тры дні, а ў іншых гарадах, у прыватнасьці, у Марыюпалі, — раз на два дні. Спадарожнікавыя здымкі, прааналізаваныя BBC, пацьвярджаюць, што да пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны ў вадасховішчах каля Данецку было значна больш вады, чым цяпер, і некаторыя зь іх хутка мялеюць.
Але праблемы з вадой зьвязаныя ня толькі з абмяленьнем вадасховішчаў. Падчас баёў быў разбураны вадавод, якім вада паступала на тэрыторыю Данбасу з тэрыторыі, кантраляванай Кіевам. Акрамя таго, з 2014 году, захапіўшы частку Данецкай вобласьці, Расея мала што зрабіла для паляпшэньня сытуацыі з вадой, — піша ВВС.
Летам 2025 году сытуацыя з водазабесьпячэньнем на акупаваных Расеяй тэрыторыях Данецкай і Луганскай вобласьцяў стала настолькі крытычнай, што акупацыйныя ўлады ня могуць гэтага схаваць.
«У Данецку вада ёсьць раз на тры дні. Няма як змыць туалет. Гэта звычайная рэч: жыхары Данецку кладуць пакеты ў туалет. А потым тыя, хто нармальны, выкідваюць гэтыя пакеты ў сьмецьце. Тыя, хто не, — кідаюць іх пад вокны. Суседзі змагаюцца з такімі людзьмі», — напісаў у сваім Telegram-канале Алег Цароў.
Цароў — былы дэпутат Вярхоўнай Рады ад Партыі рэгіёнаў, ён з 2014 году знаходзіцца за межамі Ўкраіны, украінскія праваахоўныя органы абвінавачваюць яго ў здрадзе за супрацоўніцтва з Расеяй.
«Данецк на маёй памяці — горад ружаў. Узорны горад. Заўсёды так было, і з савецкіх часоў шахтарскі рэгіён быў на спэцыяльным тарыфе водазабесьпячэньня. Заўсёды так было, але не цяпер. Трагедыя, якая доўжыцца дзесяць гадоў», — дадаў Цароў.
BBC прааналізавала спадарожнікавыя здымкі пяці буйных і пяці дробных вадасховішчаў у Данецкай вобласьці з дапамогай сэрвісу Planet Labs і прыйшла да высновы, што за апошнія тры з паловай гады — з таго часу, як Расея пачала поўнамаштабнае ўварваньне ва Ўкраіну ў лютым 2022 году — дзевяць зь іх прыкметна абмялелі. Для візуальнага параўнаньня былі выкарыстаныя здымкі за ліпень 2021 і ліпень 2025 гадоў. Ліпень і жнівень у рэгіёне гістарычна найгарачэйшыя месяцы.
Большасьць вадасховішчаў, зь якіх вада падавалася жыхарам акупаваных гарадоў, месьцяцца паблізу Данецку, дзе сытуацыя цяпер асабліва напружаная. Згодна з заявай прадпрыемства «Вада Данбасу», з 21 ліпеня падача вады ў Данецк і Макееўку павінна адбывацца раз на тры дні цягам чатырох гадзін, а ў шэраг іншых населеных пунктаў рэгіёну, у тым ліку ў Марыюпаль, раз на два дні.
Аднак жыхары скардзяцца, што графік не выконваецца, а ў некаторых невялікіх гарадах вады няма ўжо больш за два тыдні. Некаторыя карыстальнікі сацыяльных сетак скардзяцца на якасьць пададзенай вады:
«Мутная, з брудным асадкам, яна псуе сантэхніку і трубы, яе нельга выкарыстоўваць для гатаваньня ежы ці асабістай гігіены. Але за яе плацяць як за пітную ваду».
Былы супрацоўнік «Вады Данбасу» тлумачыць, што вадасховішчаў і падземных водаў ня хопіць для забесьпячэньня ўсяго рэгіёну, у тым ліку праз разгалінаваную сетку шахтаў, пакуль ня будзе адноўленае водазабесьпячэньне з ракі Северскі Данец.
Гэты вадавод, які праходзіць ад Славянску да ракі Кальміюс, быў разбураны падчас баёў.
У 1950-х гадах пабудавалі штучны канал Северскі Данец — Данбас для забесьпячэньня вадой Данецкай агламэрацыі. Ён браў пачатак у Славянску, які цяпер застаецца пад кантролем Узброеных сілаў Украіны, праходзіў міма буйных гарадоў Горлаўкі і Данецку і накіроўваўся на поўдзень, у бок Марыюпалю. Марыюпаль заставаўся пад кантролем Кіева, таму, калі ў 2014 годзе баевікі пры падтрыманьні Масквы стварылі самаабвешчаныя «ДНР» і «ЛНР», Украіна не перакрывала гэты канал, адрозна ад Паўночна-Крымскага, што забясьпечваў вадой анэксаваны паўвостраў.
Пачатак расейскага ўварваньня ў лютым 2022 году і працяглая аблога другога паводле насельніцтва гораду Данецкай вобласьці радыкальна зьмянілі гэты статус-кво. Падчас наступу расейская армія проста зьнішчыла ўнікальнае гідратэхнічнае збудаваньне, якое забясьпечвала вадой найбуйнейшыя гарады рэгіёну.
У канцы 2022 году расейскія акупацыйныя ўлады зразумелі, што калі не прыняць нейкіх захадаў, сытуацыя з забесьпячэньнем гарадоў Данецкай вобласьці вадою стане катастрафічнай. Тады было прынята рашэньне будаваць новы канал Дон — Данбас, які меў пачынацца ў раёне Растова-на-Доне.
За чатыры месяцы 2023 году вайсковыя будаўнікі Міністэрства абароны Расеі правялі новы вадавод. Аднак хутка стала зразумела, што новая сыстэма водазабесьпячэньня ня здольная даставіць у рэгіён патрэбную колькасьць вады і што яе пабудавалі з многімі парушэньнямі, а таксама што падчас будаўніцтва раскралі шмат бюджэтных грошай.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпра, Кіева, Харкава, Адэсы і іншых месцаў. Дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя процілегламу боку тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ карпарацыі «Роснефть» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародзкай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі думку, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16–18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Прэзыдэнт ЗША абнавіў свае патрабаваньні да эўрапейскіх краінаў-сяброў NATO павялічваць выдаткі на абарону. Таксама палітык заявіў, што хоча, каб Украіна дала Злучаным Штатам кантроль за сваімі радовішчамі рэдказямельных выкапняў у абмен на фінансавую падтрымку яе ваенных дзеяньняў супраць Расеі.
- У ноч на 14 лютага Расея бесьпілётнікам атакавала Чарнобыльскую АЭС, на саркафагу над разбураным у 1986-м пры чарнобыльскай катастрофе энэргаблёку пачаўся пажар, які ня могуць патушыць некалькі дзён.
- 12 лютага 2025 Трамп пагутарыў па тэлефоне з Пуціным, і 18 лютага 2025 году ў Эр-Рыядзе (Саудаўская Арабія) пачалася двухбаковая сустрэча з удзелам дзяржаўнага сакратара ЗША Марка Рубіё і кіраўніка МЗС Расеі Сяргея Лаўрова. Украіна на перамовы не запрошаная. Перад гэтым у Мюнхэне (Нямеччына) і Парыжы (Францыя) адбыліся, адпаведна, канфэрэнцыя па бясьпецы і саміт вядучых краінаў ЭЗ, але на іх так і ня выпрацавалі пляну доўгатэрміновай падтрымкі Ўкраіны. Акрамя таго, Вугоршчына — сябра Эўразьвязу, NATO і пры гэтым ляяльная да Расеі — дыстанцыявалася ад абмеркаваньня далейшай вайсковай дапамогі Кіеву, абвінаваціўшы іншыя краіны ў падбухторваньні далейшай вайны.
- У красавіку высьветлілася, што мірныя перамовы пакуль ня маюць посьпеху, а тым часам Украіна заявіла, што ведае імёны 155 кітайскіх наймітаў, якія падпісалі кантракты з Расеяй і пайшлі на вайну. Афіцыйны Пэкін заявіў, што сваіх грамадзянаў на вайну не адпраўляў, а наадварот, раіў жыхарам краіны трымацца падалей ад абодвух бакоў.
- Дзяржаўны ўкраінскі праект «Хачу жыць», які выконвае Каардынацыйны штаб у пытаньнях абыходжаньня з ваеннапалоннымі, у красавіку 2025 году апублікаваў прозьвішчы 742 грамадзян Беларусі, якія з 2023 году ваююць супраць Украіны на баку Расеі, зь іх 96 ужо загінулі.
- 1 чэрвеня на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.
Форум