Прадпрымальніка зь Сьветлагорску асудзілі за «паклёп на Лукашэнку»
62-гадовага прадпрымальніка і актывіста зь Сьветлагорску Анатоля Зьмітровіча асудзілі паводле ч. 1 арт. 367 Крымінальнага кодэксу Беларусі (паклёп на Лукашэнку).
Зьмітровічу прызначылі 10 месяцаў пазбаўленьня волі з утрыманьнем у калёніі агульнага рэжыму, піша «Вясна». Зьмест абвінавачваньня праваабаронцам невядомы.
Анатоля затрымалі сёлета ў красавіку. Да суду яго трымалі ў гомельскім СІЗА № 3.
Да затрыманьня Зьмітровіч быў індывідуальным прадпрымальнікам і актыўным удзельнікам прадпрымальніцкага руху. Ён вядомы таксама як экалягічны актывіст у пэрыяд будаўніцтва і запуску Сьветлагорскага заводу беленай цэлюлёзы, калі адбываліся выкіды шкодных рэчываў. Апошнім часам працаваў у адным з прадпрыемстваў аўтасэрвісу.
У 2020 годзе Анатоль Зьмітровіч далучаўся да акцыяў пратэсту ў Сьветлагорску, яго арыштоўвалі на некалькі тыдняў, а таксама штрафавалі за нібыта парушэньне парадку правядзеньня масавых акцыяў.
Праваабаронцы назвалі яшчэ 11 палітвязьняў
У сумеснай заяве праваабаронцаў яшчэ 11 чалавек прызнаныя палітвязьнямі: Віктар Мека, Андрэй Андронаў, Андрэй Арол, Валеры Іванін, Яўген Бялькевіч, Яўген Пяргаеў, Ільля Валвенкін, Мікалай Ліс, Яўген Шляхцёнак, Соф’я Бачурынская і Алена Рудая.
Распрацоўнік кампутарных гульняў Віктар Мека (37 гадоў) асуджаны на 2 гады за заклікі да санкцыяў. Прадпрымальніка зь Мікашэвічаў Андрэя Арла (52 гады) затрымалі сёлета ў чэрвені, як мяркуюць праваабаронцы, за камэнтары. Пяцідзесяцігадовы Яўген Бялькевіч быў затрыманы ў лютым і ўжо асуджаны за абразу Лукашэнкі. Былы настаўнік гісторыі Яўген Шляхцёнак працаваў у вайсковым камісарыяце Мастоўскага раёну, асуджаны паводле шэрагу артыкулаў, у тым ліку за заклікі да санкцыяў. Жыхарка Гомля Соф’я Бачурынская асуджаная на 2 гады за паклёп на Лукашэнку ды іншыя «злачынствы». Пенсіянэрцы ў чэрвені споўнілася 70 гадоў — яна найстарэйшая сярод вядомых праваабаронцам жанчын, якіх трымаюць у няволі з палітычных матываў.
Беларускія праваабарончыя арганізацыі патрабуюць ад уладаў неадкладна вызваліць усіх палітычных зьняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.
Жыхара Горадзеншчыны завочна асудзілі за «здраду дзяржаве»
У Горадзенскім абласным судзе 28 ліпеня абвясьцілі завочны вырак 39-гадоваму Андрэю Занеўскаму. Яго абвінавацілі ў «выдачы замежнай дзяржаве і яе прадстаўнікам дзяржаўных сакрэтаў Рэспублікі Беларусь» (здрада дзяржаве), але сутнасьць абвінавачваньня невядомая, піша «Вясна».
На падставе ч. 1 арт. 356 КК яму завочна прызначылі 11 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
Агулам з 2020 года за «здраду дзяржаве» былі асуджаныя мінімум 108 чалавек.
Форум