Паводле МНС Беларусі у Менску падтапіла 40 участкаў вуліц. Ратаўнікі адпампоўвалі ваду з памяшканьняў гатэля, прыватнага жылога дома, падвалаў, адбуксіравалі аўтамабіль. Было моцнае падтапленьне на вуліцах у цэнтральнай частцы горада, затапіла вуліцы Зыбіцкая і Інтэрнацыянальная. «Менсктранс» паведаміў аб затрымках руху на 27 участках.
Паводле падлікаў «Позірка» былі зафіксаваныя выпадкі спыненьня грамадзкага транспарту па 86 маршрутах.
«Менскэнэрга» паведаміла аб часовым, на 25 сэкунд, адключэньні электраэнэргіі ў Першамайскім раёне Менска.
«У сувязі з неспрыяльнымі ўмовамі надвор’я было зафіксавана адключэньне лініі электраперадачы напругай 110кВ, што прывяло да кароткачасовага перапынку ў электразабесьпячэньні жыхароў Першамайскага раёна сталіцы», — паведаміла арганізацыя.
Пад Менскам моцна пацярпеў пасёлак Калодзішчы, дзе вецер валіў дрэвы і зрываў дахі з дамоў. Як паведамілі ў прэс-службе «Менскэнэрга», у Калодзішчах у выніку навальніцы без электразабесьпячэньня засталіся больш за 600 прыватных жылых дамоў — без сьвятла былі будынкі па вуліцах Караткевіча, Барысаўская, Белавеская і Валмянскі Шлях. Было выяўлена пашкоджаньне 6 апор ліній электраперадач, што сталі вынікам падзеньня дрэў. Спэцыялісты паабяцалі аднавіць энэргазабесьпячэньне ў Калодзішчах да 16 гадзін 30 ліпеня.
Усяго, паводле МНС было зафіксавана 1773 выпадкі падзеньня дрэў, у выніку чаго пашкоджаны 10 аўтамабіляў, з іх дзевяць у Калодзішчах, адзін у Вілейцы.
На вуліцы Ліпавая Алея ў Калодзішчах быў пашкоджаны надземны газаправод дыямэтрам 57 мм, гарэньня не было. Бяз газу заставаўся адзін дом, паведамілі спэцыялісты.
Работнікі Бараўлянскага спэцлясгасу ў ноч на 30 ліпеня ліквідавалі наступствы стыхіі ў лясным фондзе. У Маладэчне падтапіла прыватны жылы дом.
Форум