Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вырак ксяндзу Юхневічу пакінулі бязь зьменаў, яго чакае этап у калёнію


Айцец Анджэй Юхневіч, архіўнае фота
Айцец Анджэй Юхневіч, архіўнае фота

Як даведаліся вернікі, сьвятар на першым судзе цалкам адмаўляў абвінавачваньні і спрабаваў даказаць сваю невінаватасьць, але яго асудзілі на 13 гадоў зьняволеньня.

29 ліпеня ўступіў у моц прысуд каталіцкаму сьвятару, былому пробашчу касьцёла ў горадзе Шуміліне Віцебскай вобласьці айцу Анджэю Юхневічу.

Віцебскі абласны суд разгледзеў скаргу сьвятара на прысуд, але пакінуў яго бязь зьменаў, яго чакае этап у калёнію, паведаміла выданьне Katolik.life.

Сьвятара затрымалі 8 траўня 2024 году, суд над ім адбыўся амаль праз год, у красавіку 2025 году ў Шуміліне. Суд праходзіў у закрытым рэжыме. У чым канкрэтна абвінавацілі сьвятара, якога першапачаткова затрымлівалі з «палітычных» матываў, — дакладна невядома. З судовага раскладу вынікала, што яму інкрымінавалі тры крымінальныя артыкулы, якія тычацца палавых зносінаў зь непаўналетнімі.

Па тых зьвестках, якія дайшлі да крыніцаў выданьня Katolik.life, у справе ксяндза гаворка пра падзеі 10-гадовай даўніны. Юхневіча асудзілі на 13 гадоў зняволеньня. Працэс тады вяла старшыня суду Шумілінскага раёна Іна Грабоўская.

Вядома, што Анджэй Юхневіч не прызнаваў ніякай віны, і вернікі лічаць, што справа ў дачыненьні да яго сфабрыкаваная.

Юхневіч стаў другім каталіцкім сьвятаром у Беларусі, якога асудзілі апошнім часам.

Пробашча касьцёлу ў Валожыне Генрыха Акалатовіча затрымалі ў лістападзе 2023 году і некалькі месяцаў трымалі ў СІЗА КДБ, дзе не дазвалялі мець крыж для маленьня. Працэс над Акалатовічам адбыўся ў канцы 2024 года. Менскі абласны суд асудзіў сьвятара на 11 гадоў пазбаўленьня волі нібыта за «здраду дзяржаве», Вярхоўны суд гэты вырак пацьвердзіў. Вядома, што Генрых Акалатовіч таксама не прызнаў сябе вінаватым.

23 ліпеня стала вядома, што пасьля знаходжаньня ў Менскім СІЗА ксяндза палітвязьня Генрыха Акалатовіча ў пачатку ліпеня зноў накіравалі ў калёнію № 2 у Бабруйску, дзе ён ужо адбываў пакараньне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG